Хтосьці сабраўся зрабіць рамонт

Петрыкаўскім РАСК узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу з пранікненнем у жыллё.
Невядомы пракраўся ў дом па вуліцы Першамайскай у гарадскім пасёлку Капаткевічы, адкуль таемна выкраў скрыню керамічнай пліткі і 3 металічныя вядры. Распачата крымінальная справа.

П’яная язда не даводзіць да дабра
Чарговы раз жыхар вёскі Чырвоная горка Петрыкаўскага раёна, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, вырашыў пакатацца з сябрамі на сваім асабістым аўтамабілі маркі “FIAT MAREA”.
Парушальнік раней ужо прыцягваўся да адказнасці і быў пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам за язду ў стане алкагольнага ап’янення.
Гора-кіроўца вырашыў, што сам ужо не спраўляецца з машынай, перадаў кіраванне аўтамабілем свайму знаёмаму, які таксама знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення. Таварыш нашага ўладальніка аўтамабіля не справіўся з кіраваннем і, з’ехаўшы ў кювет, учыніў ДТЗ. У выніку – аўтамабіль моцна пашкоджаны, а ўладальніку аўто спатрэбілася медыцынская дапамога.

Не смешна
Жарт пра выбух, які рыхтуецца, скончыўся для чарговага жартаўніка ўзбуджэннем кры-мінальнай справы.
А пачалося ўсё банальна: два таварышы ў чарговы раз сабраліся перад працай выпіць. Калі адзін зразумеў, што ўжо дастаткова, вырашыў пайсці, другі не хацеў заканчэння гулянкі і запатрабаваў у сябра застацца.
Убачыўшы, што таварыш усё ж сыходзіць, знайшоў “арыгінальны” спосаб спыніць яго: патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра выбух, які рыхтуецца, і назваў прозвішча таварыша.
У сваю чаргу супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі асобу жартаўніка.
У бліжэйшы час крымінальная справа будзе перададзена ў суд, а жартаўніка чакае пакаранне.

Злачынствы рыхтуюцца ноччу, а раскрываюцца днём
У адзін з дзён снежня двое жыхароў вёскі Церабаў, калі грошы на спіртное скончыліся, а працаваць не хацелася, праніклі ў дом па вуліцы Набярэжная, адкуль выкралі 500 кілаграмаў збожжа трыцікале, коштам 500 рублёў, і падставу металічнага ложка.
Выкрадзенае прадалі і на некалькі дзён зладзілі сабе свята. Праўда, яно хутка скончылася, бо ў дзверы пастукаліся супрацоўнікі міліцыі.
Узбуджана крымінальная справа.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о