1 сакавіка 1898 года згодна з старым стылем, ці 13 сакавіка па новаму стылю, у Мінску нелегальна адбыўся першы з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), на якім было афіцыйна аб’яўлена аб стварэнні партыі. З’езд быў скліканы па ініцыятыве Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа», якім кіраваў Уладзімір Ленін.

13 сакавіка ў Мінску прайшоў першы з'езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі
Музей I з’езду РСДРП

У снежні 1895 года Ленін распрацаваў праект праграмы сацыял-дэмакратычнай партыі і настойваў на скліканні з’езда. Гэта ідэя атрымала падтрымку кіеўскіх сацыял-дэмакратаў. У сакавіку 1897 года адбылася перадз’ездаўская канферэнцыя прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычных арганізацый Кіева і Пецярбурга, на якой было вырашана разгарнуць падрыхтоўку з’езда і наладзіць выданне агульнай для Расійскай Імперыі сацыял-дэмакратычнай «Працоўнай газеты». Газета асвятляла працоўны рух у Расіі, заклікала мясцовыя сацыял-дэмакратычныя гурткі і групы аб’яднаць свае намаганні ў рамках адзінай партыі.

Першы з’езд сацыял-дэмакратычнай партыі праходзіў на кватэры чыгуначнага служачага, сацыял-дэмакрата Румянцава ў доме на Захар’еўскай вуліцы (цяпер Дом-музей 1-га з’езда РСДРП). На з’ездзе прысутнічала 9 дэлегатаў, якія прадстаўлялі найбольш буйныя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі Расіі – пецярбургскі, маскоўскі, кацярынаслаўскі і кіеўскі «Саюзы барацьбы», а таксама групу «Рабочай газеты» і дробнабуржуазную нацыяналістычную арганізацыю «Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве» (Бунд).

На з’ездзе ў мэтах канспірацыі пратаколы не вялі, а запісвалі толькі рэзалюцыі. Усяго адбылося 6 пасяджэнняў, на якіх асноўным стала пытанне аб утварэнні партыі. З’езд абвясціў стварэнне марксісцкай рабочай партыі і прыняў рашэнне назваць яе “Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя” (РСДРП) – партыя пралетарыяту ўсіх нацыянальнасцей Расіі. З’езд абраў Цэнтральны Камітэт РСДРП у складзе 3-х чалавек.

13 сакавіка ў Мінску прайшоў першы з'езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі
Карціна «I з’езд РСДРП у Мінску». Аўтар Василь Звераў, 1931 год.

Афіцыйным органам створанай партыі была абвешчана «Рабочая газета». «Саюз рускіх сацыял-дэмакратаў за мяжой» таксама прызнаваўся часткай партыі і яе прадстаўніцтвам за мяжой. Дэлегаты даручылі “Санкт-Пецярбургскаму Саюзу барацьбы за вызваленне рабочага класа” падрыхтаваць праграмны дакумент – «Маніфест РСДРП» з выкладаннем яе бліжэйшых палітычных задач. Неўзабаве пасля з’езда тэкст Маніфеста быў напісаны Пятром Струвэ, адным з першых расійскіх марксістаў. Было таксама прынята рашэнне пра прынцыпы працы палітычнай партыі. Дэлегаты дамовіліся, што праз паўгода правядуць наступны з’езд.

Другі з’езд РСДРП, скліканы ў ліпені 1903 года рэдакцыяй першай агульнарускай палітычнай марксісцкай нелегальнай газетай «Іскра», завяршыў працэс аб’яднання рэвалюцыйных марксісцкіх арганізацый.

У канцы ХІХ стагоддзя ў Расіі абвастрылася міжкласавая барацьба – пралетарская дэмакратыя ўсё больш аддзялялася ад буржуазнай. Расейская сацыял-дэмакратычная працоўная партыя як ні адна іншая вяла барацьбу за інтарэсы пралетарыяту і заклікала да падзелу з рэфармістамі. Але менавіта марксісты здолелі аб’яднаць вакол сябе найбольшую колькасць людзей, што займаліся палітыкай у інтарэсах паляпшэння становішча рабочага класу, так і саміх пралетарыяў: напачатку ХХ стагоддзя РСДРП была адной з найбуйнейшых партый у Расіі і адыгрывала вядучую ролю ў палітычным жыцці таго часу. Партыя, першы з’езд якой прайшоў у Мінску, што гаворыць і ў тым ліку і пра пэўны ўзровень развіцця палітычнай культуры на тэрыторыі Беларусі,  аказала ўплыў на пралетарскі вызваленчы рух не толькі ў Расіі, але і ва ўсім свеце.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о