“Гісторыя сям’і – гісторыя Перамогі” – штогадовы конкурс пад такой назвай прайшоў у школах раёна. У 2026 годзе ён прысвечаны Году беларускай жанчыны і праводзіўся пад адзінай тэмай “У тылу і на перадавой: уклад жанчын у Перамогу”.

Ульяна Краменская пераможца раённага этапа конкурсу
«Гісторыя сям’і – гісторыя краіны»
Супрацоўніцтва аддзела адукацыі з ваенным камісарыятам у грамадзянскім і патрыятычным выхаванні моладзі ў тым ліку і праз правядзенне конкурса даследчых работ – важны аспект работы с падрастаючым пакаленнем.
Кожная даследчая работа – гэта погляд сучаснай моладзі на падзеі Вялікай Айчыннай вайны праз прызму гістарычных ведаў і лёсы жанчын, якія прайшлі праз вогненнае ліхалецце. На суд журы, якое складалася з прадстаўнікоў аддзела адукацыі і раённага ваеннага камісарыята, было прадстаўлена 8 работ з 8 школ раён.
Па выніках конкурса лепшым было прызнана даследаванне Ульяны Краменскай, вучаніцы 10 класа Брынёўскай сярэдняй школы, кіраўнік Наталля Аўрамец. Аўтар работы расказвае:
– Мая даследчая работа “Два лёсы – два полюсы вайны” прысвечана жанчынам, ураджэнкам вёскі Брынёў, чые жыцці сталі прыкладам двух полюсаў вайны. Лейтэнант медыцынскай службы Наталля Паўлаўна Ястрэмская трапіла на перадавую. Яна ратавала жыцці, выносіла параненых пад абстрэламі, працавала ў палявых шпіталях. Бачыла фронт “знутры”. Вязніца канцлагера Аляксандра Сцяпанаўна Журавель, апынулася ў самым пекле нацысцкага рэжыму. Жанчына перажыла холад, голад, страту блізкіх і цудам выжыла, каб расказаць пра тое, што бачылі яе вочы. Два лёсы: адзін – пра подзвіг, другі – пра пакуты. Вялікая Айчынная вайна – гэта не толькі гісторыя бітваў і перамог, але і гісторыя мільёнаў жанчын, якія прайшлі праз яе выпрабаванні.

Уладальніца дыплома другой ступені, Таццяна Пінчук, вучаніца 8 класа Чалюшчавіцкай сярэдняй школы, працавала над даследаваннем пад кіраўніцтвам Таццяны Ішанязавай. Дзяўчынка адзначыла:
– У цэнтры ўвагі маёй работы “У тыле і на перадавой – уклад жанчын у перамогу” – партызанскі рух падчас Вялікай Айчыннай вайны і подзвігі жанчын у тыле ворага. Асновай для работы сталі ўспаміны Ганны Пінчук, ураджэнкі вёскі Чалюшчавічы, сувязной партызанскага атрада А.Т.Міхайлоўскага. “Каця”, так называлі Ганну Дзянісаўну ў атрадзе, разносіла аднавяскоўцам газету “Бальшавік”, дзе былі надрукаваны сводкі інфарбюро. Акрамя таго дзяўчына ўдзельнічала ва ўстанаўленні сувязі са славацкімі антыфашыстамі, якія ў далейшым перайшлі на бок партызан.
Трэцяе месца заняла даследчая работа “Бэлла Барысаўна Гутман: лёс медсястры, прайшоўшай вайну ад Беларусі да Берліна”. Сафія Бурая, вучаніца 10 класа сярэдняй школы №2 горада Петрыкава (кіраўнік Алена Зубар), даследавала лёс аперацыйнай медыцынскай сястры палявога шпіталя, праз рукі якой прайшлі тысячы байцоў Чырвонай арміі.
Як з кропель складаюцца рэкі, так з мільёнаў лёсаў склалася наша агульная перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Кожнае даследаванне, прадстаўленнае на конкурс, – свая гісторыя, свой погляд на ваенныя падзеі і прыклад жаночай мужнасці, цярплівасці, стойкасці.
Віншуем пераможцаў і зычым ім поспехаў на абласным этапе конкурса, вынікі якога будуць падведзены ў маі!
Надзея СІГАЙ.






Оставить комментарий