Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, ад якіх у многім залежаць аб’ектыўнасць расследаванняў. Менавіта ў гэты дзень у 2013 годзе быў падпісаны Указ аб утварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якому сёлета споўнілася трынаццаць гадоў.

У Год беларускай жанчыны мы вырашылі звярнуць асаблівую ўвагу на тых, хто штодня даказвае, што далікатнасць і сіла характару могуць ісці побач. Напярэдадні прафесійнага свята мы наведалі сектар судова-медыцынскіх экспертыз па Петрыкаўскім раёне, каб бліжэй пазнаёміцца са спецыфікай работы гераінь артыкула, якія абралі адну з самых складаных і адказных прафесій, якіх аб’ядноўвае адно – дапамога людзям і імкненне да ісціны.
Першая гераіня – Наталля Сланчаўскас, эксперт экспертна-крыміналістычнага сектара па Петрыкаўскім раёне, старшы лейтэнант юстыцыі. Прыемна адзначыць, што па выніках мінулага года Наталля заняла другое месца на абласным аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства ў намінацыі “Лепшы эксперт-крыміналіст”.
Спецыфіка яе работы – праца непасрэдна на месцы здарэння. Менавіта яна дапамагае “гаварыць” рэчавым доказам: вывучае сляды, праводзіць трасалагічныя і дактыласкапічныя даследаванні, таксама экспертызы халоднай і кідальнай зброі. Эксперт шукае невідочныя на першы погляд дэталі. Гэта няпростая справа, якая патрабуе халоднага розуму і жалезнай канцэнтрацыі.
– Кожная дэталь можа стаць вырашальнай. Па большасці крымінальных спраў устанавіць ісціну без экспертнага заключэння проста немагчыма, гэта аснова доказнай базы, – дзеліцца судовы эксперт.
Аляксандра Клімава – начальнік сектара судовых медыцынскіх экспертыз па Петрыкаўскім раёне, дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт. Яе працоўнае асяроддзе – гэта глыбокія веды анатоміі і паталогіі. У адрозненне ад крыміналістаў, якія працуюць са слядамі на месцы, Аляксандра даследуе самае складанае – чалавечае цела. Яна дапамагае вызначыць прычыну смерці і характар цялесных пашкоджанняў. Гэта адказнасць перад жыццём і памяццю людзей, якая патрабуе не толькі прафесіяналізму, але і вялікай душэўнай стойкасці.
– Мы займаемся экспертызай асоб, пацяпрелых ад злачынстваў, каб даць ім адзнаку па ступені цяжкасці, і праводзім судова-медыцынскую экспертызу на пэўныя прычыны смерці, гэтак жа палавыя экспертызы. У нашай працы важная псіхалагічная ўстойлівасць. І, безумоўна, трэба падыходзіць да сваіх абавязкаў з “халоднай” галавой,– распавядае Аляксндра.
Трэцяя суразмоўца – Вольга Ліцвін, спецыяліст па бальзаміраванні і рэстаўрацыі цел, санітар морга.
Гэта адна з самых гуманістычных і далікатных місій. Яе рукі дапамагаюць падрыхтаваць памерлых да развітання, надаць ім эстэтычны выгляд. Гэтая праца патрабуе вытрымкі, спагадлівасці і цярпення.
Гераіні артыкула – сапраўдны прыклад прыгажосці, далікатнасці і стального характару. Дзякуй вам, за нялёгкую, але такую патрэбную працу!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о