Часам мы і не здагадваемся, што тыя ці іншыя рэчы – старыя дакументы, фотаздымкі, гаспадарчыя прылады, адзенне ці нешта іншае з былога ўжытку мае гістарычную каштоўнасць. А ці ведаеце вы, як узбагачаюцца фонды музея? Пэўна, большасць уяўляе неабыякавых наведвальнікаў, якія дораць прадметы розных эпох са словамі: “Магчыма, вам спатрэбіцца?”. Часцей за ўсё так і адбываецца. Але здараюцца і зусім нечаканыя выпадкі, таму прапануем даведацца, як з’яўляюцца новыя экспанаты, што расказваюць пра гісторыю нашага горада ў розныя гістарычныя эпохі.

Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей быў заснаваны ў 2007 годзе. З гэтага моманту жыхары Петрыкаўшчыны сталі прыносіць ва ўстанову культуры розныя рэчы. Самым першым прадметам, які трапіў у нашую кнігу фондаў ад землякоў, стаў драўляны пранік – прылада для прання бялізны. З гэтага часу экспазіцыя папоўнілася шматлікімі маўклівымі сведкамі даўніны: прасам, маслабойкамі, рушнікамі, адзеннем, посудам, манетамі, медалямі і мноствам іншага.

Многія ведаюць, што ў парку калісьці стаяла прыгожая Свята-Уваскрасенская царква. Зараз жа ад культавай пабудовы засталася толькі капліца, а ў музеі захоўваецца закладная дошка пачатку будаўніцтва, дзякуючы якой мы дакладна ведаем год заснавання храма – 1846. Дошку знайшлі школьнікі пасля выбуху ў 1957 годзе і, як толькі быў адкрыты музей, каштоўную рэч перадалі на захоўванне. Праз пакаленні гісторыя культавай пабудовы магла б пачаць паступова забывацца, але закладная дошка і фатаграфіі будуць нагадваць пра гэтую старонку гісторыі нашага горада.

Яшчэ менш мы ведаем пра бастыённы замак XVII стагоддзя, які знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага парку. Яго гісторыя магла застацца некалькімі радкамі ў пісьмовых дакументах і ператварыцца ў гарадскую легенду, але ў нашай экспазіцыі захоўваецца клеймаваная цэгла з падмурку замка, часткі кафлі, манеты і трубкі для тытуню, што былі знойдзены археолагамі на месцы абарончых збудаванняў.
У музеі да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены шэраг экспанатаў з ліку археалагічных артэфактаў. Большасць з іх перададзена нам пасля раскопак спецыялістамі, што даследавалі старажытную гісторыю Петрыкаўшчыны. Але ёсць у нашай калекцыі і экспанаты, якія людзі знаходзілі на сваіх участках: не так даўно нам падарылі каменную сякеру бронзавага веку, якую знайшоў жыхар вёскі Новыя Галоўчыцы. Рэч зараз знаходзіцца ў экспазіцыі і паказальна распавядае пра гаспадарчую дзейнасць першабытнага чалавека на нашых землях.

Былі ў музеі і зусім незвычайныя спосабы дарэння экспанатаў. Некалькі разоў, прыходзячы на працу, супрацоўнікі музея заўважалі на прыступку ганка фотаздымкі. Прыгожыя карткі дарэвалюцыйных гадоў з выявамі мясцовых гараджан, абрамленыя рамкамі. Імя неабыякавага да гісторыі роднага краю чалавека, які падарыў фота, засталося невядомым, але рэчы занялі пачэснае месца ў нашых фондах і зараз вы самі маеце магчымасць пераканацца, якімі якаснымі былі фота таго часу.
Нельга не згадаць, як некалькі гадоў таму нам прынеслі цэлы скрутак папер, сярод якіх былі дарэвалюцыйныя дакументы з 1890-1918 гадоў. Нам аддалі іх так хутка, што і спытаць нічога не паспелі ў гаспадара. Але па дакументах мы зразумелі, што збіраў іх вельмі добрасумленны жыхар нашага горада. Сярод папер падатковыя квітанцыі, распіскі, інвентары ўласнай маёмасці – на многіх дакументах захаваліся пячаткі мястэчка Петрыкаў і запісы, што пільна выводзіў пісар каліграфічнымпочыркам.
З асаблівай дбайнасцю мы захоўваем рэчы перыяду Вялікай Айчыннай вайны: дакументы, лісты, фатаграфіі, асабістыя рэчы франтавікоў, партызанаў, вязняў і ахвяр вайны. У мінулым годзе нам перадалі каску, салдацкі рэмень, шлем і планшэтную сумку лётчыка.

Рэчы савецкага побыту таксама займаюць заўважнае месца ў нашых часовых і пастаянных экспазіцыях. Яркае ўражанне ў наведвальнікаў пакідаюць медыцынскія прылады – стэрылізатары і шкляныя шпрыцы. Людзям здаецца, што час гэтых экспанатаў быў так даўно. Яшчэ адзін цудоўны падарунак – савецкія дыяфільмы разам з дыяпраектарам, дзякуючы якім мы маем магчымасць паказаць дзецям, як раней іх аднагодкі праглядалі ў цёмных пакоях казкі і навучальныя матэрыялы.
Калі мы рыхтавалі рэтравыставу і фотазону з атрыбутамі савецкіх навагодніх святаў, мы выкарыстоўвалі тэматычныя паштоўкі, елачныя цацкі, статуэткі, прынесеныя жыхарамі.

Асабліва мы ўдзячныя мясцоваму мастаку Івану Перарэжку, якога мы можам назваць паважаным сябрам музея. Мужчына падарыў шмат сваіх карцін гістарычнага і пейзажнага жанру, прысвечаных нашай малой радзіме. Мастак увасобіў у фарбах вобраз петрыкаўскага замка на высокім мысе па-над Прыпяццю. Дзякуючы Івану Паўлавічу папоўнілася і духоўная калекцыя: зараз у музеі захоўваюцца 38 абразоў з прыгожымі драўлянымі разьбянымі рамамі, якія былі асвечаны ў храме. А летась мастак падарыў каменныя жорны, пудзіла каршуна, некалькі драўляных пано і скульптур уласнай працы, якія дапоўнілі калекцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэтак жа Іван Перарэжка пакінуў у музеі і памяць пра сваю маці, падарыўшы нам 8 карцін, вышытых крыжыкам.
Штогод Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей праводзіць акцыю “Падары музею экспанат”. На працягу ўсяго года жыхары Петрыкаўшчыны могуць прынесці ва ўстанову культуры рэчы, якія, як правіла, здаюцца непатрэбнымі, але выкінуць іх шкада. Гэта могуць быць выпадкова знойдзеныя прадметы археалогіі, рушнікі, фотаздымкі ці прадметы савецкага побыту. Апошнія большасць людзей не лічыць цікавымі для грамадскасці, бо савецкая эпоха была не так даўно. Але ўсё пералічанае – частка нашай гісторыі.

Узяць, напрыклад, вырабы завода «Авангард» які калісьці дзейнічаў у раёне, школьныя падручнікі, ці формы для ледзянцоў у выглядзе рыбак, вавёрак, пеўнікаў.
Мы дзякуем усім неабыякавым жыхарам нашага горада, якія прыносяць у музей экспанаты. Музей заўсёды рады прыняць ад вас рэчы гісторыі, культуры і побыту. Такім чынам вы пакінеце свой след у гісторыі Петрыкаўшчыны.
Вераніка СУХАДОЛАВА,
галоўны захавальнік фондаў Петрыкаўскага музея.
Фота аўтара.






Оставить комментарий