8 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Дзень піяніста. З гэтай нагоды мы завіталі ў Дзіцячую школу мастацтваў гарадскога пасёлка Капаткевічы, каб пазнаёміцца з чалавекам, для якога музыка стала не проста прафесіяй, а сэнсам жыцця. Наша гераіня – Аксана Перавознікава, дырэктар школы мастацтваў, педагог па класе фартэпіяна.

Аксана Фёдараўна – сапраўдная прыхільніца мастацтва, чыё жыццё з самага дзяцінства цесна звязана з прыгожым. У яе сям’і любоў да музыкі перадавалася з пакалення ў пакаленне, як найкаштоўнейшы скарб. Ад далікатнай меладычнасці вальсаў Шапена да яркіх і жыццёвых санат Гайдна – любоў піяністкі да музыкі застаецца безмежнай і непахіснай праз гады.
Гераіня аповеду жыхарка пасёлка Капаткевічы, і шлях у свет мастацтва пачаўся менавіта тут, у Капаткевіцкай школе мастацтваў.
– З трэцяга класа сярэдняй школы я была залічана ў Капаткевіцкую ДШМ. У той час дырэктарам школы быў мой бацька, Фёдар Міхайлавіч Міцура. 35 гадоў ён узначальваў калектыў школы і быў педагогам па класе баяна. Я ж прайшла сем гадоў музычнай школы па класе фартэпіяна.
Гераіня аповеду з самага дзяцінства была челавекам творчым і таленавітым, але сваю ролю адыграла і першы педагог Эліна Іванаўна Шынкарэнка, якая прывіла любоў да фартэпіяна і дапамагла развіць навыкі ігры на інструменце.
У 1991 годзе зямлячка ў Мазырскае музычнае вучылішча і пасля атрымання дыплома вярнулася ў родную школу мастацтваў. З 2021 года Аксана Фёдараўна была прызначана дырэктарам школы мастацтваў. За гэты час педагог выпусціла нямала таленавітых вучняў, якія звязалі сваё жыццё з музыкай. Толькі за апошнія гады чатыры вучні Аксаны Фёдараўны паступілі ў Мазырскі музычны каледж.

На пытанне, як жа гераіня выбрала інструмент і чаму менавіта фартэпіяна, гераіня адказала так:
– Мая матуля заўсёды марыла іграць на фартэпіяна. У 10-ым класе яна выйграла інструмент, але так склаліся абставіны, што прыйшлося забраць прыз грашыма. Мама нам з братам таксама прывівала любоў да мастацтва і вельмі хацела, каб яе дзіцячую мару мы ўвасобілі ў рэальнасць.
Дзеці Аксаны Фёдараўны таксама скончылі Капаткевіцкую ДШМ. У дарослым жыцці гэтыя навыкі ім спатрэбіліся.
Праз гады Аксана Фёдараўна з любоўю садзіцца за фартэпіяна і іграе любімыя санаты. Нам таксама пашанцавала пачуць цудоўную класіку ў выкананні піяністкі.
Асаблівы момант у жыцці Аксаны Фёдараўны, гэта падарунак бацькі – раяль. Яна ніколі не забудзе момант, калі вярнулася з вучобы дадому, а там яе чакаў шыкоўны музычны інструмент.
– Калі я іграю – заўсёды адчуваю спакой і ціхую радасць, успамінаю светлые моманты дзяцінства, – адзначае гераіня.
Завяршаючы нашу размову, Аксана Фёдараўна з шчырай усмешкай дадае:
– Музыка – гэта мова, якая не мае межаў. Яна здольная перадаць самыя тонкія пачуцці і думкі. І калі ты можаш ствараць гэтую мову, гэта сапраўднае шчасце.
Піяністка ўпэўнена, што мастацтва здольна аб’ядноўваць людзей і рабіць свет лепшым. Яе словы напоўнены любоўю да сваёй справы і глыбокай павагай да мастацтва, якое яна перадае сваім вучням.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.




