Падросшы малады хвойнік хавае невялікую вёску Церабаў ад трасы М10. А яшчэ гадоў 20-ць таму хаты весела падмігвалі здалёк праезджым. Ніхто не можа дакладна сказаць, калі ўпершыню пасяліліся тут людзі. Але ў пісьмовых крыніцах Церабаў згадваецца ў XVIII-м стагоддзі.
Назва ў вёскі цікавая, “гаворкая”, і адносіць нас да старажытнага спосабу земляробства – падсечна-агнявога. Менавіта ад слова “церабіць” – карчаваць, вычышчаць зямлю ад дрэваў і камялёў – выводзяць назву населенага пункта большасць навукоўцаў. Словам “цераб” называлі ўчастак вызваленнай пад ворыва або сенакос зямлі, а таксама паселішчы, ўзнікшыя на гэтым месцы. Ёсць версія паходжання ад асабовага старажытнаславянскага імя або мянушкі “Цераб” – неспакойны, няўпэнены чалавек.
Дакладна вядома, што ўжо ў 1795-м ў населеным пункце дзейнічала царква, поўнасцю перабудаваная ў 1871-м годзе. Акрамя таго, на могілках знаходзілася асобная капліца, яна мела не толькі сакральнае значэнне, але і супрацьэпідэмічнае – гэта быў адзін са спосабаў царскіх уладаў па прадухіленні распаўсюджвання рознага роду інфекцыйных захворванняў. Побач у ХІХ-м стагоддзі згадваецца і населены пункт Малы Церабаў.
Жыхары вёскі ўмелі адстойваць свае правы. Так, у 1906 годзе мясцовыя сяляне ў колькасці 300-та чалавек са зброяй у руках выступілі супраць памешчыка Ісаева, які забараняў ім пасвіць жывёлу на спрэчных участках лугоў, і нават аказалі супраціўленне паліцыі.
Церабаў хутка рос: калі ў 1816 годзе тут налічваецца 271 жыхар, то праз стагоддзе іх становіцца 887 чалавек, а ў 1921-м годзе – 985. Даволі вялікі населены пункт быў цэнтрам асобнага сельскага савета на працягу 30 гадоў да 1954 года. Калектывізацыя дайшла да вёскі ў 30-м годзе, тут быў арганізаваны калгас, працавала пачатковая школа, якая ў 1935 годзе налічвала 153 вучня.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны жыхары вёскі ўзяліся за зброю – 17 жніўня 1941 года з байцоў знішчальнага батальёна раённага цэнтра Капаткевічы і мясцовых жыхароў быў утвораны Капаткевіцкі партызанскі атрад.
124-ры ураджэнца Церабава загінулі на франтах, 144-ры савецкіх салдата засталіся назаўсёды на зямлі, якую яны вызвалялі. Ваколіца вёскі стала месцам гібелі і Героя Савецкага Саюза Антона Рыжкова. Ва Узнагародным лісце чытаем: “Намеснік камандзіра стралковага батальёна гвардыі капітан Антон Рыжкоў сышоўся з ворагам твар у твар у рукапашнай сутычцы на полі бою і загінуў смерцю адважных”. Першапачаткова камандзіра пахавалі каля вёскі Церабаў, а пазней перазахавалі на Кургане Славы ў горадзе Мазыры. Яго імя носіць вуліца ў гэтым горадзе, былым абласным цэнтры Палескай вобласці.
Пасля вайны вёска хутка ўзнавілася і трымала планку ў больш чым 800 жыхароў ажно да 80-х гадоў. Тут працавалі клуб, крама, аддзяленне сувязі, 9-гадовая школа, бібліятэка і фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне саўгаса “Мышанка” з малочна-таварнай фермай. Вядомасць вёсцы прынёс народны фальклорны ансамбль “Купалінка”, які адрадзіў старажытны вясельны абрад “Абпяванне караваю”. З песнямі і абрадамі самадзейныя артысты аб’ехалі не толькі наш раён, але і вобласць, і рэспубліканскія мерапрыемствы.
Час бярэ сваё, урбанізацыя цягне маладых у гарады з далёкіх палескіх вёсак. Не мінаваў гэты працэс і наш Церабаў. З цягам часу тут зачынілася дзевяцігодка, клуб рэарганізаваўся ў філіял “Церабаўскі сельскі клуб народных традыцый-бібліятэка”.
Але ў XXI-м стагоддзі мясцовая сельская гаспадарка атрымала моцны штуршок развіцця, калі ферма ў Церабаве, патрабуючая рамонту, адыйшла да СУП “Палесье-Аграінвест”. Будынкі былі мадэрнізаваныя дзякуючы інвестыцыям ААТ “Мазырскі НПЗ”. Зараз тут працае сучасны малочнатаварны комплекс “Церабаў”, на які едуць працаваць не толькі з розных куточкаў Беларусі, але і з-за мяжы, напрыклад, з Туркменістана.
Вёска Церабаў, схаваная у цішы палескіх лясоў, працягвае свой шлях у ХХІ стагоддзі.
Надзея СІГАЙ,
фота з архіва Мышанскага
сельскага Савета.







Оставить комментарий