Прыгажосць, ураўнаважанасць і працавітасць – сучасны жаночы вобраз супрацоўніка аграпрамысловага комплексу.

Напярэдадні жаночага свята мы сустрэліся з перадавіком вытворчасці свінагадоўчага комплекса СУП “Палесье-Аграінвест”, адзначанай Ганаровай граматай прадпрыемства за высокія паказчыкі ў працы, Галінай Лівіцкай і… адчынілі для сябе дзверы ў новы сучасны свет, які значна адрозніваецца ад абывацельскага ўяўлення пра гэтую галіну.
Мая суразмоўца – аператар групы 2-4 дарошчвання на свінагадоўчым комплексе аддзялення “Мышанка”. Сучасная свінагадоўля – гэта, у першую чаргу, цэлы шэраг санітарна-гігіенічных нормаў. І яшчэ не вядома, куды лягчэй трапіць: у сакрэтны аб’ект ці ў хлеў да парасят. Пачынаецца ўсё з уваходу – кожны супрацоўнік абавязкова праходзіць праз душ, змену вопраткі на спецадзенне. А выходзіць з хлява таксама праз “санпрапускнік” – так бы я назвала гэта ўмоўна. Спецвопратка адразу трапляе ў пральню. Вось такія гігіенічныя асаблівасці працы ў сучаснай свінагадоўлі!
Калі б я сустрэла сваю суразмоўцу на вуліцы, то, хутчэй усяго, аднесла яе да прадстаўніка педагагічнай прафесіі. Галіна Генадзьеўна на мае такія развагі пазначыла, што ў некаторым родзе, так яно і ёсць. Пра сваіх гадаванцаў суразмоўца распавядае з пяшчотаю, як пра дзяцей:
– Да мяне малыя трапляюць пасля хлява, дзе з’яўляюцца на свет. Там яны крыху пад-гадоўваюцца каля маці-свінні, а пасля ідуць у мой хлеў на дарошчванне, а далей я іх перадаю на адкорм.
Парсючкі такія малыя, безабаронныя, пазіраюць на цябе вочкамі-пацеркамі, таму і даглядаеш іх, як дзетак. Кожны мае свой характар: адзін настырны, другі, наадварот, спакойны. Трэці цікаўны, а чацвёрты паглядае на цябе запытальна: што ты тут робіш? Сярод парасят абавязкова ёсць лідар, які вядзе іншых за сабою і не падпусціць нікога да кармушкі, калі ён яшчэ не пад’еў.
На сённяшні дзень пад наглядам Галіны 3800 парасят! Іх патрэбна пакарміць, пачысціць, абавязкова назіраць за знешнім выглядам, станам. Калі нехта з іх слабейшы, то перавесці ў другі станок. У станку звычайна знаходзіцца 30-40 парсючкоў. Корм даюць сухі, які засыпаюць у спецыяльныя бункеры для кармлення, абавязкова наяўнасць вады. Раніца аператара пачынаецца з абыходу ўсіх станкоў і назірання за парсючкамі: як сябе паводзяць, ці дастаткова ежы і вады, ці здаровыя. Пры неабходнасці выклікаецца спецыяліст – вет-урач або заатэхнік. Жанчына адзначае, што яе праца цікавая, у ёй няма руціны, кожны дзень нясе нешта сваё. Навядзенне чысціні, падкормка, прыёмка малых ці перавод у іншы хлеў тых, хто пабольшаў – спраў шмат і яны розняцца.
– Ідзеш на працу і нейкія мэты для сябе ставіш: што патрэбна зрабіць сёння, як вырасце прыбаўка вагі, – гэта абавязкова! Без планавання і адказных адносін да працы выніка не атрымаецца, – дзеліцца жанчына.
Працуе суразмоўца аператарам ужо 16 гадоў, некалі менавіта зручны графік затрымаў яе тут. Спачатку было цяжка, з цягам часу і ўмовы працы змяніліся і жанчына прызвычаілася. Жывёлавод адзначае, што свінагадоўля перажывае новы, сучасны этап свайго развіцця і адказвае на выклікі, якія дыктуе галіне час: тут створаны годныя ўмовы і для супрацоўнікаў і для жывёлы.
Галіна Генадзьеўна прызнаецца, што яна шчаслівая жанчына: праца ёй падабаецца, у яе добры любячы муж і выдатны дарослы сын, які ўжо працуе ў школе ў Калінкавічах.
Асабістага шчасця, здароўя і высокіх дасягненняў у працы жадае Галіна зямлячкам у Міжнародны жаночы дзень.
Надзея СІГАЙ.
Фота Галіны КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о