Танец – крыніца натхнення

0
393

8 Сакавіка – свята вясны, прыгажосці і, вядома ж, натх-нення. З гэтай нагоды мы сустрэліся з нашай таленавітай маладой зямлячкай, кіраўніком студыі танца “Glushko Dance Studio” Ангелінай Глушко.

Дзяўчына вырасла ў музычным асяроддзі, дзе ўсюды гучала музыка: ні адна сямейная імпрэза ці свята не абыходзіліся ў сям’і Ангеліны без песні і танцаў. Ды і ў самой вёсцы Смятанічы, дзе яна нарадзілася, народ пявучы, галасісты, завадны. Пазней Ангеліна пераехала з матуляй у райцэнтр. Ужо з васьмі гадоў дзяўчынка пачала займацца танцамі ў Анастасіі Андрук. Так і пачаліся першыя крокі ў чырлідынгу.
– Танцамі мроіла з дзяцінства. Таму з выбарам будучай прафесіі вызначылася, не задумваючыся, – успамінае суразмоўца. – У Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў я паступала з адной думкай: “Хачу быць артыстам”. Але другі курс усё перавярнуў. Прыйшло ўсведамленне: “Хачу быць менавіта харэографам, дарыць сваю творчасць навакольным і навучаць дзетак”.
І вось праз чатыры гады вучобы, пасля размеркавання ў Петрыкаўскі раённы Дом культуры, Ангеліне даручылі юных выхаванцаў узорнага ансамбля эстраднага танца “Экшэн”.
Калектыў установы культуры прыняў маладога спецыяліста цёпла. Харэограф хутка знайшла кантакт з юнымі танцорамі.
Год адпрацаваўшы кіраўніком узорнага ансамбля, малады харэограф атрымала неацэнны вопыт і зразумела: час рухацца далей.
Так, праз некаторы час нарадзілася студыя танца “Glushko Dance Studio”. Ужо другі год калектыў аб’ядноўвае дзяцей і дарослых, дорачы ім магчымасць размаўляць на мове танца. Сваім выхаванцам харэограф дае асновы эстраднага напрамку. Гэта танцавальны жанр, які спалучае ў сабе ўсе віды, стылі, напрамкі танца, а таксама акрабатыку.Гераіня займаецца і фітнесам з дарослымі.
– У творчай прафесіі галоўнае – матывацыя. Прывіць яе дзіцяці – задача не з простых, але ёсць лайфхакі. Заўсёды стараюся быць з рабятамі на адной хвалі, прыслухоўвацца да іх інтарэсаў. Дакладна ведаю: калі карыстацца аўтарытэтам выхаванцаў, усё атрымліваецца. Заняткі харэаграфіяй дапамагаюць выпрацаваць пачуццё рытму, упэўненасць у сабе, развіць выразнасць, навучыцца рухацца ў адпаведнасці з музычнымі вобразамі, – распавядае харэограф.
Будні Ангеліны не абмяжоў-ваюцца працай. Ёсць у дзяўчыны свае захапленні, інтарэсы і шмат задум. Яна знаходзіць час для паездак да бабулі і дзядулі, сустрэч з сябрамі, наведвання майстар-класаў па харэаграфіі. Таксама са сваімі выхаванцамі ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, прымае ўдзел у раённых мерапрыемствах.
– Я люблю сваю прафесію за магчымасць быць на сцэне, займацца творчасцю, прывіваць дзецям любоў да мастацтва, выхоўваць артыстаў, атрымліваць гэты адрэналін і чароўную энергію ад усяго працэсу і, вядома, ад гледачоў! – дзеліцца харэограф.
Віншуем Ангеліну з наступаючым святам вясны! Жадаем творчых поспехаў і здзяйснення самых смелых мар.
Марыя ТАМКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о