У прыярытэце – чалавек і яго праблема

0
30
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы на гэтым тыдні правёў асабісты прыём грамадзян у Петрыкаўскім райвыканкаме.
Праца з насельніцтвам у рэгіёнах і аказанне практычнай дапамогі ў вырашэнні хвалюючых людзей пытанняў застаюцца важнейшымі прыярытэтамі ў дзейнасці органаў улады. Выязныя прыёмы дазваляюць асабіста ацаніць сітуацыю на месцах, углыбіцца ў спецыфіку раёнаў і пачуць кожнага чалавека.
На прыём да Міхаіла Русага са сваімі праблемамі, прапановамі і набалелымі пытаннямі звярнуліся шасцёра заяўнікаў. Так, сямейная пара вырашыла адкрыць у райцэнтры краму ва ўжо пабудаваным доме, але сутыкнулася з шэрагам юрыдычных нюансаў. Будынак першапачаткова аформлены як жылы, а перавесці яго ў нежылы фонд аказалася няпростай задачай, вырашыць якую пакуль не ўдалося.
– Раз жаданне ў людзей ёсць, то трэба ім дапамагчы. Пустуючых будынкаў хапае – можна нешта падабраць, калі яны хочуць гандляваць і зарабляць, –заўважыў Міхаіл Русы і даручыў знайсці магчымасць вырашыць пытанне і не губіць прадпрымальніцкую ініцыятыву.
Яшчэ адзін жыхар Петрыкава папрасіў дапамагчы скасаваць кантракт на сваім цяперашнім месцы працы, каб перайсці на іншае прадпрыемства, якое абяцае найлепшыя ўмовы. Спецыяліст каштоўны, а таму працадаўца адпускаць мужчыну не спяшаецца. Міхаіл Іванавіч падрабязна вывучыў сітуацыю і непасрэдна падчас прыёму звязаўся з кіраўніком, даручыўшы задаволіць просьбу работніка.
– Я бачу, што вы ўжо настроіліся, а таму пераконваць не буду. Скажу адно: на новым месцы не жальцеся, – даў наказ Міхаіл Русы мужчыну.
На прыём звярталіся не толькі людзі, якія пражываюць у самім Петрыкаве. Так, брэстчаніна, на дадзены момант жыхара Санкт-Пецярбургу, цікавілі пытанні змен у заканадаўстве, а жыхарку гарадскога пасёлка Капаткевічы непакояць пытанні рамонту дарог і пустуючых дамоў. Мазыранка паскардзілася на самавольнае заняцце часткі яе зямельнага ўчастка суседам. Зямельныя спрэчкі заўсёды эмацыйныя і патрабуюць строгага юрыдычнага фільтра. Прадстаўнікі юрыдычных асоб звярнуліся наконт будаўніцтва аб’екта ў Мазыры.
Усе звароты Міхаіл Русы расклаў на складнікі. Парламентарый дакладна даў зразумець: за кожнай заявай стаіць лёс чалавека, развіццё бізнесу або парадак у рэгіёне. Сітуацыі, якія патрабуюць глыбейшага вывучэння дзеючага заканадаўства і дэталёвага аўдыту на месцах, сенатар узяў на асабісты кантроль. Практыка даказвае: невырашальных праблем няма, але дзейнічаць заўсёды трэба ў рамках прававога поля.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о