Петрыкаўшчына ў чаканні “Кліча Палесся”. Каб адпачынак пакінуў толькі прыемныя ўражанні, праваахоўнікі раёна пераходзяць на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Пра тое, як будзе забяспечвацца правапарадак і што трэба ведаць кожнаму наведвальніку, мы папрасілі расказаць начальніка Петрыкаўскага РАУС Віталія Маркевіча.
– Мы шчыра запрашаем усіх на свята і зробім усё магчымае, каб кожны чалавек адчуваў сябе ў поўнай бяспецы. Але трэба разумець: наша бяспека – гэта наша агульная задача, і тут многае залежыць ад узаемнай павагі і адказнасці. Каб кантраляваць сітуацыю, рух транспарту каля музея будзе абмежаваны – у прыватнасці, па вуліцах Глушко і Камсамольскай. Просім вадзіцеляў паставіцца да гэтага з разуменнем і выбраць іншыя маршруты. Самі ж госці змогуць прайсці на тэрыторыю фэсту выключна праз спецыяльна абсталяваныя кантрольна-прапускныя пункты.
Па словах начальніка РАУС, уваход на мерапрыемства будзе адкрыты далёка не для ўсіх. Катэгарычна забаронена праходзіць асобам у стане алкагольнага ап’янення, а таксама тым, хто паспрабуе пранесці забароненыя прадметы.
Каб на КПП не ўзнікала чэргаў і непаразуменняў, Віталій Мікалаевіч тлумачыць, якія рэчы лепш пакінуць дома:
– Па-першае, гэта любая зброя – агнястрэльная, халодная, газавая, боепрыпасы да яе, а таксама выбуховыя рэчывы, піратэхніка і нават іх муляжы або імітатары. Па-другое, на тэрыторыю не пусцяць з веласіпедамі, лазернымі прыладамі і сродкамі персанальнай мабільнасці. Таксама пад забаронай буйнагабарытныя сумкі, якія могуць замінаць іншым людзям.
Асобна начальнік міліцыі звяртае ўвагу ўладальнікаў хатніх жывёл: браць з сабой чатырохногіх сяброў на фэст нельга. Выключэнне – сабакі-павадыры, якія абавязкова павінны быць на павадку і ў намордніку.
– Будзьце ўважлівымі да таго, што адбываецца вакол. Калі вы заўважылі падазроных асоб або пакінутыя кімсьці без нагляду рэчы, ні ў якім разе не чапайце іх самі – паведаміце бліжэйшаму супрацоўніку міліцыі. Давайце разам зробім так, каб фестываль запомніўся нам як прыгожае, радаснае і самае галоўнае – бяспечнае свята!
Оставить комментарий