Гэтымі днямі па ўсёй краіне праходзіць Беларускі тыдзень прадпрымальніцтва – маштабны дзелавы форум, закліканы ўмацаваць дыялог паміж уладай і прыватным сектарам. Для рэгіёнаў гэта выдатная нагода падвесці прамежкавыя вынікі і абмеркаваць новыя пункты росту.
Сёння малы і сярэдні бізнэс выступае адным з ключавых драйвераў развіцця раёнаў. Гэта не толькі новыя гандлёвыя аб’екты і сфера паслуг, але і працоўныя месцы, папаўненне мясцовага бюджэту і павышэнне камфорту жыцця ў вёсцы. Пра тое, з якімі паказчыкамі сектар падышоў да канца года, якія нішы найбольш перспектыўныя і на якую дапамогу могуць разлічваць дзелавыя людзі-пачаткоўцы, мы пагаварылі з намеснікам старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандрай ЯНЧАНКОВАЙ.
– Аляксандра Міхайлаўна, які сёння ўклад прадпрымаль-ніцкага сектара ў эканоміку нашага раёна? Наколькі актыўна жыхары Петрыкаўшчыны адкрываюць уласную справу?
– Роля малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміцы раёна важкая і працягвае расці. Па стане на 1 кастрычніка 2026 года на тэрыторыі Петрыкаўшчыны ажыццяўляюць дзейнасць 351 індывідуальны прадпрымальнік і 131 юрыдычная асоба – суб’ект малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
Галоўная перавага прыватнага сектара – мабільнасць. Там, дзе буйному прадпрыемству разгортвацца доўга і нерэнтабельна, прадпрымальнік спрацоўвае аператыўна. Сёння наш бізнес актыўна закрывае патрэбы жыхароў у рознічным гандлі, грамадскім харчаванні, грузаперавозках, дрэваапрацоўцы і бытавых паслугах. У малых населеных пунктах менавіта прыватная ініцыятыва часта забяспечвае людзей усім неабходным у крокавай даступнасці.
– Многія да гэтага часу асцерагаюцца пачынаць свой шлях з-за страху перад бюракратыяй і падаткамі. Наколькі складаны старт сёння?
– Заканадаўства ў гэтай сферы максімальна спрошчана, а падатковыя рэжымы дазваляюць выбраць аптымальны фармат працы – ад падатку на прафесійны даход да стварэння камерцыйнай арганізацыі. Працэдура рэгістрацыі займае мінімум часу.
Галоўная складанасць сёння крыецца не ў паперах, а ў граматным бізнес-планаванні. Бывае, што чалавек гарыць ідэяй, але не да канца пралічвае лагістыку, каналы збыту ці рэальны попыт у канкрэтным аграгарадку. Каб пазбегнуць гэтых памылак на старце, мы заўсёды рэкамендуем спачатку звярнуцца ў райвыканкам па кансультацыю.
– На якую канкрэтную падтрымку з боку дзяржавы і мясцовай улады можа разлічваць бізнесмен-пачатковец?
– Інструментаў некалькі, і яны даказалі сваю эфектыўнасць на практыцы. Па-першае, фінансавая падтрымка. Праз службу занятасці беспрацоўныя грамадзяне могуць атрымаць бязвыплатную субсідыю на арганізацыю ўласнай справы, прычым для сельскай мясцовасці яе памер павышаны. Акрамя таго, працуюць праграмы льготнага крэдытавання Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і банкаў-партнёраў.
Па-другое, маёмасная дапамога. У раёне сфарміраваны пералік дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца. Мы гатовы перадаваць памяшканні ў арэнду на льготных умовах або прадаваць будынкі за адну базавую велічыню пад канкрэтныя інвестыцыйныя праекты і стварэнне новых працоўных месцаў.
Па-трэцяе, дыялог і суправаджэнне. У раёне дзейнічае савет па развіцці прадпрымальніцтва, дзе бізнес і ўлада адкрыта абмяркоўваюць любыя праблемныя пытанні. Таксама прадпрымальнікі заўсёды могуць атрымаць бясплатную юрыдычную і бухгалтарскую дапамогу ў абласных цэнтрах падтрымкі.
– Якія напрамкі бізнесу вы лічыце самымі перспек-тыўнымі для Петрыкаўскага раёна ў бліжэйшыя гады?
– У нашага раёна велізарны прыродны і рэсурсны патэнцыял. Гэта аграэкатурызм – унікальная прырода Палесся прыцягвае гасцей, і попыт на якасны адпачынак на беразе Прыпяці стабільна расце. Таксама нарыхтоўка і перапрацоўка мясцовай сыравіны: дзікарослай і сельскагаспадарчай прадукцыі, драўніны. У прыярытэце застаецца і сфера паслуг – рамонт аўтатэхнікі, будаўнічыя і бытавыя паслугі і многія іншыя.
– Што б вы пажадалі жыхарам раёна, якія пакуль толькі выношваюць бізнес-ідэю, але не вырашаюцца зрабіць першы крок?
– Не адкладаць свае планы ў доўгую скрыню і не баяцца задаваць пытанні. Любое паспяховае прадпрыемства некалі пачыналася з аднаго працоўнага месца і смелай ініцыятывы. Вывучайце патрэбы насельніцтва, карыстайцеся тымі прэферэнцыямі, якія дзяржава дае для працы ў рэгіёнах, і прыходзьце са сваімі праектамі – мясцовая ўлада заўсёды гатова падтрымаць канструктыўныя пачынанні.
Гутарыла Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.




