Сямейная справа,якая расце разам з горадам

0
61

З 16 па 20 лістапада ў Беларусі праходзіць Тыдзень прадпрымальніцтва – час, калі асаблівая ўвага надаецца развіццю бізнесу і падтрымцы тых, хто не баіцца брацца за адказную справу, гатовы пасцігаць новае ў галіне эканомікі. Адны з такіх – як прыклад паспяховага сямейнага прадпрымальніцтва – Вольга і Станіслаў Рог.

Будмаркет “Насарог», які адкрыўся ў райцэнтры ў бягучым годзе, прыцягвае пакупнікоў сваім шырокім асартыментам будаўнічых матэрыялаў і абсталявання. Тавар размешчаны такім чынам, каб наведвальніку было зручна разгледзець яго, прачытаць рэкамендацыі і зрабіць усвядомлены выбар. Са слоў гаспадароў гандлёвага аб’екта: прасторнае памяшканне – гэта не толькі пра зручнасць, а неабходнасць для іх справы.


– Калі мы вырашылі пашырацца ў бізнесе і шукалі памяшканне, тэрыторыя аб’екта была для нас важная, – пачынае размову Вольга Рог. – Як бачыце, тавары ў нас ёсць і аб’ёмныя, таму прастора – гэта важны фактар.


Як аказалася “Насарог” – гэта лагічны працяг папярэдняй дзейнасці сям’і прадпрымальнікаў.
– Дзяржаўную рэгістрацыю на індывідуальнае прадпры-мальніцтва па рознічным гандлі будаўнічых матэрыялаў, а таксама рамонце будаўнічага інструменту мы з мужам адкрылі ў 2022 годзе, – дзеліцца Вольга Мікалаеўна. – Знайшлі памяшканне, наладзілі пастаўку тавараў. Разумелі: каб быць запатрабаванымі ў насельніцтва, неабходны асартымент, навінкі ў дадзенай галіне.


Са слоў суразмоўцы, з цягам часу жыхары Петрыкаўшчыны пачалі ўсё актыўней наведваць краму і заказваць патрэбны інструмент, неабходнае для будаўніцтва, рамонту. Муж з жонкай разумелі, што для зручнасці пакупніка і для таго, каб мець магчымасць прадставіць ім увесь неабходны тавар, патрэбна большая прастора.


– Такая магчымасць з’явілася, калі Петрыкаўскі райвыканкам выставіў на аўкцыён былое памяшканне пажарнай часці, – уступае ў размову Станіслаў Рог. – Прыехалі, паглядзелі і вырашылі, што гэта тое, што нам трэба. Аддзел эканомікі райвыканкама прадаставіў неабходную кансультацыю і мы падалі заяўку на таргі, і, прайшоўшы ўсе этапы – выйгралі іх.


Суразмоўцы не хаваюць, што ў набытае памяшканне неабходна было ўкласці фінансавыя сродкі для рамонту. Аднак – гэта не стала перашкодай для рэалізацыі іх прадпрымальніцкіх амбіцый. Важную падтрымку сям’і Рог аказала дзяржава, якая актыўна падтрымлівае такія ініцыятывы. Землякі змаглі набыць памяшканне ў растэрміноўку на тры гады пад выгадныя ўмовы. Гэта дазволіла ім пачаць працу над стварэннем сучаснай і функцыянальнай крамы.


– Будмаркет прапануе шырокі асартымент тавараў і асаблівую ўвагу мы надаем айчынным вытворцам. Фарбы і эмалі – лідскія і брэнда «Дыском», сайдынг – ад беларускага вытворцы “Ю-Пласт”, ламінат – «Ultrafloor». Мы выбіраем якасныя тавары для сваіх кліентаў. У краме ёсць і прадукцыя з Расійскай Федэрацыі і Кітая, што дазваляе задаволіць самыя розныя патрэбы пакупнікоў. У “Насарогу” дзейнічаюць акцыі, зніжкі і прыемныя бонусы да свят, што робіць пакупкі яшчэ больш прывабнымі, – дзеліцца суразмоўца.


– Наш аб’ект часта наведваюць для закупак будаўнічыя брыгады, якія працуюць на Петрыкаўшчыне, арганізацыі раёна. Гэта для нас лепшы паказчык даверу і задаволенасці кліентаў, – дадае мужчына.
Важна адзначыць, што сямейны бізнес сям’і Рог прапанаваў працоўныя месцы васьмі землякам, што сведчыць пра сацыяльную адказнасць прадпрымальнікаў і іх жаданне спрыяць развіццю роднага раёна.


У размове з героямі артыкула адчуваецца: наколькі блізкія муж з жонкаю па духу людзі. Сямнаццаць гадоў прайшло з таго моманту, як яны, зусім юныя петрыкаўчане, пасля атрымання атэстатаў, разам паступілі ў Гомельскі політэхнічны тэхнікум. Гэта быў час, калі пачалі фарміравацца іх агульныя мары і планы на будучыню. Сёння, можна з упэўненасцю сказаць, што мае суразмоўцы – прыклад актыўных, мэтанакіраваных людзей. Яны не баяцца выклікаў, а разам іх пераадольваюць. Іх энергія, любоў і адказнасць адчуваюцца ва ўсім, што яны робяць: у выхаванні двух сыноў, у развіцці бізнесу, іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі.


Вольга і Станіслаў Рог жывуць на сваёй малой радзіме, рэалізуюць свае планы, ствараюць новыя магчымасці для землякоў. Няхай усе іх задумы здзяйсняюцца, у доме пануе згода, а сямейная справа працвітае. Яны сапраўды гэта заслугоўваюць: сваім стараннем, мэтанакіраванасцю і адданасцю справе


Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА, фота Марыі ТАМКО.

5 1 голос
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные