Падчас уборачнай кампаніі кожная хвіліна на вагу золата. Аднак, нягледзячы на напружаны графік, у механізатараў БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” абед заўсёды па расладзе. Карэспандэнт “ПН” наведала сталовую сельгаспрадпрыемства, каб даведацца, чым кормяць тых, хто сёння забяспечвае харчовую бяспеку краіны.
Праца ў полі патрабуе энергіі. Таму пытанне арганізацыі гарачага харчавання ў ААТ “Чалюшчавічы” стаіць на асаблівым кантролі ў кіраўніцтва гаспадаркі. Тут добра разумеюць: сыты работнік – прадуктыўны работнік.
Супрацоўнікі сталовай з раніцы пачынаюць рабіць нарыхтоўкі, арыентуючыся на ўчарашнюю колькасць абедаў. Як толькі паступаюць спісы жадаючых паабедаць, повары прыступаюць да падрыхтоўкі. Да 11 гадзін стравы павінны быць згатаваны.
Меню складаецца на тыдзень і ўключае разнастайныя стравы: боршч, расольнік, суп гарохавы, суп грыбны, на другое – каўбасу хатнюю смажаную, куру смажаную, шніцаль, гуляш, катлеты, тэфтэлі, адбіўныя свіныя. На гарнір – рысавую, грачаную і пярловую кашы, бульбяное пюрэ, макароны. Радуюць повары механізатараў і выпечкай ўласнага вырабу, напрыклад, сасіскамі ў цесце, смажанкамі, булачкамі з карыцай і макам, смятаннікамі.
– Асаблівую ўвагу надаем разнастайнасці, каб працаўнікі палёў атрымлівалі паўнавартаснае і збалансаванае харчаванне, – дзеліцца повар Надзея Верталь (на фота).
У дзень рэпартажу было заяўлена 30 абедаў. Надзея Аркадзьеўна распавяла, што ў меню – расольнік, макароны, курыная галёнка, булачка «смятаннік» і гарбата.
– Ежу развозім па ўчастках у спецыяльных тэрмасах, каб яна заставалася гарачай да самага моманту падачы. Ёсць магчымасць паабедаць не толькі ў полі, а і ва ўтульнай зале нашай сталовай. Дарэчы, плацяць нашы механізатары і іншыя працаўнікі прадпрыемства за абед, згодна калектыўнага дагавора, усяго 30 % ад яго кошту, – пазначыла загадчыца сталовай.
Мы пагутарылі з адным з механізатараў, які якраз прыпыніўся на абедзенны перапынак.
– Ведаеце, пасля карпатлівай працы, ежа здаецца асабліва смачнай, – усміхаецца мужчына. – Але тут сапраўды гатуюць па-дамашняму. Гарачае, свежае, заўсёды своечасова. Калі механізатар ведае, што яго чакае смачны абед, а пра яго бытавыя патрэбы клапоціцца кіраўніцтва, то і праца спорыцца хутчэй.
Такі падыход да арганізацыі комлпекснага харчавання – гэта не толькі здароўе і дабрабыт работнікаў, але і паспяховае завяршэнне ўборачнай кампаніі. Сытыя і задаволеныя працаўнікі – залог высокага ўраджаю і харчовай бяспекі Петрыкаўшчыны.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.








Оставить комментарий