Карэспандэнты ”ПН” наведалі палатачны спартыўна-аздараўленчы лагер ”Палессе” ўстановы “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Петрыкаўскага раёна” з кругласутачным знаходжаннем дзяцей, каб даведацца як падрастаючае пакаленне праводзіць дні без гаджэтаў і чаму вучыцца ва ўмовах палескай прыроды?
Калі трапляеш на тэрыторыю лагера, першае, на што звяртаеш увагу – жывы гоман, смех і актыўны рух. Замест віртуальных гульняў – сапраўдныя спаборніцтвы, замест “лайкаў” у сацсетках – рэальныя дасягненні і падтрымка сяброў. Кіруюць працэсам вопытныя трэнеры-выкладчыкі: Ілья Марчанкоў, Аксана Скрабец, Міхаіл Сухарэнка і Юрый Грэнка.
Сёлета 40 выхаванцаў ДЮСШ адправіліся ва ўнікальны палатачны лагер кругласутачнага знаходжання, дзе сумяшчаюць спартыўныя трэніроўкі, турыстычныя паходы і заняткі на свежым паветры. Перш за ўсё асаблівая ўвага надаецца жыццю ў палявых умовах: ўстаноўка палатак, падрыхтоўка ежы на вогнішчы, захаванне чысціні і парадку.
Лагер размешчаны на трох стаянках ў маляўнічым кутку Петрыкаўшчыны, і, нягледзячы на капрызы надвор’я, настрой у рабят выдатны. Тут яны могуць не толькі адпачыць на прыродзе, але і навучыцца быць самастойнымі, праверыць сваю сілу і цягавітасць ў спартыўных спаборніцтвах. Кожны дзень у лагеры напоўнены актыўнымі відамі дзейнасці. Галоўны акцэнт – на спорт і здаровы лад жыцця.
Юнакі і дзяўчаты ўдзельнічаюць у камандных гульнях – футбол, валейбол, эстафетах і паходах. Сапраўдным выпрабаваннем для юных спартсменаў стаў лясны марафон “Сцяжына мужнасці”. Забег з перашкодамі, пераправамі і купінамі патрабаваў не толькі хуткасці, але і ўмення падставіць плячо таварышу. У лагеры не забываюць і пра гістарычную памяць. Удзел у маладзёжнай акцыі “Ніхто не забыты. Нішто не забыта” стаў данінай павагі героям Вялікай Айчыннай вайны.
Асобная старонка лагернага жыцця – кулінарны конкурс “Партызанская кухня”. З абмежаванага набору прадуктаў рабяты павінны былі прыгатаваць сапраўдны шэдэўр.
– У асноўным у лагер залічаны выхаванцы ДЮСШ і дзеці, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Першы пункт у іх штодзённым распарадку – ранішняя зарадка. Затым яны ідуць на сняданак. Далей – спартыўныя заняткі, абед, спаборніцтвы, прагулкі на прыродзе. Самая чароўная частка дня пачынаецца пасля заходу сонца. Увечары лагер ажывае па-новаму. Выхаванцы збіраюцца вакол вогнішча, якое становіцца цэнтрам прыцягнення. Гэта час шчырых размоў, інтэлектуальных віктарын, песень пад гітару і творчасці. Рабяты з задавальненнем рыхтуюць вясёлыя сцэнкі і дзеляцца ўражаннямі ад пражытага дня. Гэтыя моманты становяцца самымі яркімі ўспамінамі, якія застаюцца з дзецьмі на ўсё жыццё. Менавіта тут фарміруецца сапраўднае сяброўства, – распавёў начальнік палатачнага спартыўна-аздараўленчага лагера Юрый Грэнка.
Пагутарыўшы з дзецьмі, бачачы іх шчаслівыя вочы, я зрабіла выснову: у лагеры ім вельмі падабаецца. Яшчэ б! Столькі сяброў, гульняў, побач заўсёды клапатлівыя трэнеры, смачная ежа, прыгатаваная на вогнішчы. Вось яно, сапраўднае лета!
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.










Оставить комментарий