На працягу двух дзён наш раённы цэнтр насіў ганаровы статус баскетбольнай сталіцы Гомельшчыны.

Спартыўныя пляцоўкі фізкультурна-аздараўленчай залы і спартыўнай залы гарадской гімназіі сталі месцам баталій.

У бескампрамісную барацьбу за званне лепшых уступілі юныя баскетбалісты і баскетбалісткі 2011-2012 гадоў нараджэння з Калінкавіцкага, Жыткавіцкага, Добрушскага, Рагачоўскага, Хойніцкага, Лельчыцкага, Гомельскага і Петрыкаўскага раёнаў. Для многіх хлапчукоў і дзяўчынак турнір стаў сапраўднай праверкай на трываласць, цвёрдасць характару і каманднага духу. Хуткія прарывы, жорсткая барацьба пад шчытом, трохачковыя кідкі і тактычныя дуэлі трэнераў – каманды выкладваліся на сто працэнтаў. Гэтыя спаборніцкія дні падарылі гледачам россып каштоўных момантаў: ад радасці чыстых трапленняў да слёз прыкрасці з-за крыўдных промахаў. Але галоўнае – каманды паказалі прыгожы, бліскучы і перспектыўны баскетбол.

Свята аранжавага мячаТурнір завяршыўся, пакінуўшы пасля сябе яркія ўспаміны і неацэнны спартыўны вопыт. А Петрыкаў чарговы раз даказаў, што ўмее прымаць спартыўныя святы на самым высокім узроўні.

Што да вынікаў, то яны наступныя. У юнакоў бронза турніру – у каманды Хойніцкага раёна, срэбра – у суседзяў-жыткаўчан, а перамогу святкавалі баскетбалісты Калінкавіцкага раёна.

Сярод дзявочых каманд месцы на п’едэстале размеркаваліся наступным чынам: на трэцюю прыступку ўзнялася хойніцкая спартыўная дружына, другое месца ў зборнай Рагачоўскага раёна, а пераможцамі абласнога турніру сталі юныя баскетбалісткі з Жыткавіч.

Дзякуем камандам і балельшчыкам за прыгожую гульню і неверагодную сінергію трыбун і пляцоўкі.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о