Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі галіны жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта людзі, ад бесперабойнай, нялёгкай працы якіх шмат у чым залежыць камфорт і ўтульнасць у дамах, пад’ездах, дварах.
У камунальнай службе заўсёды былі і застаюцца тыя, хто кожны дзень адказна і з поўнай аддачай выконвае сваю працу на карысць грамадства. Менавіта іх прафесіяналізм, надзейнасць і адданасць справе забяспечваюць камфорт насельніцтву.
Напярэдадні свята мы сустрэліся з Мікалаем Астаповічам. Больш за 5 гадоў мужчына працуе слесарам цеплавых сетак у Петрыкаўскім райжылкамгасе.
Мікалай Фёдаравіч – прыклад сапраўднага прафесіяналізму і адданасці справе.
– Мне падабаецца мая праца. Заўсёды любіў нешта рамантаваць. Галоўнае, што ўсё ў гэтай справе ў мяне атрымлівалася, і гэта ў маёй прафесіі спатрэбілася, – распавядае суразмоўца. – Мой дзяжурны чамаданчык у канторы стаіць заўсёды напагатове. Ключы, іншы неабходны інструмент, каб усё пад рукой было і на ўсе выпадкі. Мы сочым, каб не было праблем у ацяпляльнай і вадаправоднай сістэмах, забяспечваем надзейную, бесперабойную працу і належны тэхнічны стан абсталявання на замацаванай зоне.
– Мусіць, нашу працу нельга назваць лёгкай, а часам – чыстай, асабліва пры аварыях, працёках. У такіх выпадках мы выязджаем у любое надвор’е, любы час дня і ночы. Тут ужо ўсё роўна, у якіх умовах даводзіцца дзейнічаць, галоўнае – у кароткія тэрміны выявіць праблему і ліквідаваць аварыю, – дзеліцца слесар.
На пытанне што самае складанае ў прафесіі, герой артыкула адказаў так:
– Нават не ведаю. Напэўна, складанага і цяжкага нічога няма. Я добра асвоіў асаблівасці прафесіі. У большасці шматкватэрных дамоў, якія абслугоўвае наша камунгас, праведзены капітальны рамонт, таму праблем узнікае менш. Інструменты, якімі мы карыстаемся, аблягчаюць працу. А яшчэ прыемна, калі чуеш падзяку ад жыхароў за сваечасовае ўхіленне непаладак.
Пад кіраўніцтвам Мікалая Астаповіча працуюць дзевяць чалавек. І гэта не проста калектыў, гэта сапраўдная каманда, дзе кожны ведае сваю ролю і адказна выконвае яе. Прынцып “адзін за ўсіх і ўсё за аднаго” – гэта не пустыя словы, а штодзённая практыка. У брыгадзе Мікалая Фёдаравіча няма месца абыякавасці. Тут кожны гатовы падставіць плячо таварышу, дапамагчы ў цяжкую хвіліну, падзяліцца досведам.
Сам Мікалай Астаповіч – не проста брыгадзір, а настаўнік і прыклад для пераймання. Ён не баіцца браць на сябе адказнасць. Спакой і ўпэўненасць гэтага чалавека перадаюцца ўсяму калектыву, ствараючы атмасферу даверу і ўзаемаразумення.
Герой артыкула разумее, што будучыня камунальнай службы залежыць ад таго, наколькі якасна будзе перадавацца досвед ад старэйшага пакалення. Таму ён з задавальненнем дзеліцца сваімі ведамі і навыкамі, тлумачыць тонкасці працы, вучыць не толькі тэхнічным аспектам, але і адказнаму стаўленню да справы.
Маладыя работнікі, трапляючы ў брыгаду Мікалая Астаповіча, хутка асвойваюцца і становяцца паўнацэннымі членамі каманды.
Праца слесара цеплавых сетак – гэта не заўсёды прыкметная, але вельмі важная праца. Калі ў дамах цёпла і ўтульна, мала хто задумваецца аб тым, колькі намаганняў было прыкладзена для гэтага. Але менавіта дзякуючы такім людзям, як Мікалай Фёдаравіч, мы можам атрымліваць асалоду ад камфорту ў сваіх жыллі.
– У сувязі з прафесійным святам я хачу пажадаць сваім калегам здароўя, даўгалецця і дабрабыту! – пазычыў у завяршэнні нашай гутаркі Мікалай Фёдаравіч.
Марыя Тамко, фота аўтара.





Оставить комментарий