Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі – цудоўная магчымасць зірнуць на працу гэтых службаў “знутры”, іх вачыма. Узяўшы ў разлік Год беларускай жанчыны мы накіраваліся ў калектыў, які складаецца з прадстаўніц прыгожай паловы.
Калі наведваеш разлікова-даведачны цэнтр ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас”, трапляеш у кветкавы рай з сямі цудоўных жанчын, дзейнасць якіх магчыма і непрыкметная, але вельмі важная і адказная.
Асноўнымі функцыямі, якія выконваюць супрацоўнікі, з’яўляецца: налічэнне платы за камунальныя паслугі, прыём плацяжоў, рэгістрацыя грамадзян па месцы жыхарства ці знаходжання, прыём дакументаў для афармлення пашпарта, выдача даведак і фарміраванне асабовых рахункаў.
Разлікова-даведачны цэнтр не толькі збірае дадзеныя, але і сочыць за правільным прымяненнем тарыфаў, а таксама за прымяненнем аб’ёмаў тых ці іншых паслуг – ад гэтага залежыць ці дакладную лічбу ўбачаць гаспадары ў “жыроўцы”.
Супрацоўнікі цэнтра працуюць як з жыхарамі шматпавярховых дамоў, так і з уладальнікамі жылля ў прыватным сектары. Зразумела, што колькасць паслуг, а разам з тым і колькасць зваротаў у разлікова-даведачны цэнтр розніцца.
Кіруе цэнтрам вось ужо пяць гадоў Алена Лявоненка. Па словах калег, Алена Іванаўна – малады, кампетэнтны і вельмі энергічны кіраўнік.
– Доўгі час у арганізацыі працуюць вядучы спецыяліст па камунальнаму разліку Ірына Чабатарова, спецыяліст па камунальных разліках Святлана Ланька і спецыяліст Ніна Аскерка. Гэта мая апора і неацэнны вопыт, яны заўсёды гатовы падтрымаць, даць параду, прыйсці на дапамогу.
Каля пяці гадоў працуюць у арганізацыі юрысконсульт Таццяна Васільева і пашпартысты – Ала Гуляева і Ірына Лёгкая. Яшчэ два пашпартысты працуюць на раёне: Марына Каўбічэнка – у Мышанскім участку, а Наталля Кормаз – у Капаткевіцкім участку. Гэта вельмі зручна для жыхароў: не патрэбна ехаць у Петрыкаў, каб аформіць рэгістрацыю або падаць дакументы на пераафармленне пашпарта.
Дзяўчаты вельмі адказна адносяцца да выканання сваіх абавязкаў. Кожная з маіх падначаленых добра ведае сваю справу, сочыць за зменамі ў заканадаўстве, якія тычацца яе сферы дзейнасці, – дзеліцца кіраўнік.
Разлікова-даведачны цэнтр ідзе ў нагу з часам, тут прапануюць новыя формы работы. Так, пры наяўнасці электроннай пошты, а сёння яна амаль у кожнага, можна напісаць заяву і атрымліваць “жыроўкі” ў электронным выглядзе, у тым ліку паведамленні, напрыклад, сваіх састарэлых бацькоў.
– Пераход на электроннае паведамленне вельмі зручны: дакумент захоўваецца доўгі час, пры неабходнасці можна раздрукаваць альбо проста параўнаць тарыфы, знайсці свой асабовы рахунак. Ды і проста эсмэска нагадае, што час аплаты падыйшоў, – растлумачыла вядучы спецыяліст Ірына Чабатарова.
Карэспандэнт скарысталася магчымасцю і напісала заяву на такую зручную паслугу і вам раім, тым больш, што часу гэта займае зусім мала.
– Справа камунальных разлікаў і рэгістрацыі насельніцтва – гэта не толькі лічбы, тарыфы, наяўнасць дакументаў, але і чалавечы фактар, які нельга скідваць з рахунку. Таму як па тэлефоне, так і ў асабістай размове трэба зразумець чалавека, растлумачыць нюансы налічэння плацяжоў, знайсці з кожным адну мову – і, я лічу, што ў майго калектыву гэта атрымліваецца!
А супрацоўнікам камунальных службаў напярэдадні свята жадаю здароўя, безаварыйнай работы і ўзаемаразумення, – пазначыла Алена Лявоненка.
Надзея СІГАЙ,
фота аўтара.






Оставить комментарий