Апошні месяц лета прыносіць не толькі гарачую пару жніва і пах спелых яблыкаў, але і шэраг важных змен у заканадаўстве краіны. Сацыяльныя выплаты, падрыхтоўка да школы і старт для маладых спецыялістаў – сабралі навіны, якія пачнуць дзейнічаць ужо з 1 жніўня.
Кашалёк: расце БПМ і сацыяльныя выплаты
З 1 жніўня ў Беларусі традыцыйна пераглядаецца памер бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). Гэты паказчык павялічыцца на 4,1% і складзе 530 рублёў і 37 капеек (будзе дзейнічаць па 31 кастрычніка).
Разам з БПМ аўтаматычна падрастуць і звязаныя з ім выплаты.
Аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзіцяці: на першае дзіця дзяржава выплаціць 5 303,70 рублі (10 БПМ), а на другое і наступных дзяцей – 7 425,18 рублёў (14 БПМ).
Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у медустанове да 12 тыдняў цяжарнасці, складзе 530,37 рублёў.
Клопат пра малых: важкі плюс да дзіцячых дапамог
З 1 жніўня істотна павялічваюцца штомесячныя дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Гэтыя выплаты пералічваюцца двойчы на год у залежнасці ад росту сярэдняй зарплаты па краіне, і гэтым разам прыбаўка складзе 5,7%. Цяпер маці будуць атрымліваць: на першае дзіця – 1 057,70 рублёў (плюс 56,84 рублёў). На другое і наступных дзяцей – 1 208,80 рублёў (плюс 64,96 рублі). На дзіця-інваліда – 1 359,90 рублёў (плюс 73,08 рублі).
Новыя памеры дапамог будуць выплачвацца паўгода – па 31 студзеня наступнага года.
Павага да ўзросту: падтрымка пенсіянераў
Прыемныя навіны чакаюць і нашых старэйшых землякоў. Прапарцыйна росту БПМ павялічацца “ўзроставыя” даплаты і надбаўкі да пенсій, якія атрымліваюць каля 570 тысяч беларусаў ва ўзросце 75 гадоў і старэй.
З 1 жніўня штомесячная даплата скла-дзе: для асоб ва ўзросце ад 75 да 79 гадоў – 99,44 рублёў. Для асоб ва ўзросце 80 гадоў і старэй (з улікам надбаўкі на догляд) – 198,89 рублёў. Таксама павялічацца сацыяльныя пенсіі і дапамогі па доглядзе інвалідаў І групы альбо асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту.
Школьны кірмаш: дапамога шматдзетным сем’ям
Жнівень – час актыўнай падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Шматдзетныя сем’і раёна пачынаюць атрымліваць аднаразовую матэрыяльную дапамогу да школы. Яна выплачваецца на кожнага школьніка ў сям’і і складае 30% ад БПМ, які дзейнічаў на канец ліпеня. Каб атрымаць грошы, бацькам неабходна звярнуцца з заявай і пакетам дакументаў у органы сацыяльнай абароны па месцы жыхарства.
Першае працоўнае месца: час маладых
Для выпускнікоў каледжаў і ўніверсітэтаў краіны жнівень становіцца асаблівым месяцам. Учорашнія студэнты афіцыйна прыступаюць да працы па размеркаванні. Наш раён таксама сустракае маладых спецыялістаў: педагогаў, медыкаў, аграрыяў, інжынераў і культработнікаў. Нагадаем, што статус маладога спецыяліста дае права на шэраг выплат і льгот, уключаючы “пад’ёмныя” і даплаты да заработнай платы.
Падрыхтавала Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий