Напярэдадні Дня работнікаў лясной гаспадаркі мы завіталі ў самае сэрца аднаўлення палескіх лясоў – пастаянны лясны гадавальнік Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.
Гэты ўнікальны аб’ект, плошчай каля 6-ці гектараў, без перабольшання, можна назваць сапраўднай зялёнай калыскай рэгіёна. Роўна палова тэрыторыі адведзена пад вырошчванне маладых культур, якія з часам стануць велічнымі дубравамі і векавымі барамі. Кіруе гэтай тонкай, карпатлівай і выключна важнай справай чалавек, улюбёны ў сваю прафесію, – Марына Голік. Менавіта з ёй, сярод шэпту маладых сеянцаў і водару ігліцы, мы пагутарылі пра тое, як нараджаецца будучыня нашага лесу.

Тры з паловай мільёны зялёных надзей

За няспешнай размовай Марына Фёдараўна ахвотна вяртаецца да вытокаў:
– Сваю работу наш гадавальнік пачаў у 2016 годзе. Адкрыццё адбылося ў межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і адраджэння Прыпяцкага Палесся. Перад намі стаяла канкрэтная і вельмі важная задача – аднаўленне пойменных дубраў. Менавіта тут, на нашых палетках, пачынаецца жыццё тых дрэў, што заўтра стануць гонарам і багаццем ўсяго Прыпяцкага Палесся.
Мы ідзем уздоўж акуратных зялёных радоў, дзе шчыльна адзін да аднаго туляцца маленькія парасткі. Сярод традыцыйных лясных культур, якія вырошчваюцца тут для аднаўлення мясцовых лясоў, – самыя тыповыя і родныя для нашага рэгіёну віды: дуб чарэшчаты, хвоя звычайная, бяроза павіслая і альха чорная. Гледзячы на засеяныя цяпліцы, цяжка нават уявіць агульны маштаб вытворчасці.
– У асенне-веснавую кампанію для лесааднаўлення будзе высаджана каля 3,5 мільёнаў саджанцаў, – з гонарам зазначае Марына Фёдараўна.

Сэрца, аддадзенае дзецям і лесу

Ад мясцовага зярнятка – да элітных плантацый

Шлях ад маленькага зярнятка да моцнага, гатовага да пасадкі саджанца ў гадавальніку праходзіць імкліва – фактычна ўсяго за адзін год. Пры гэтым увесь цыкл вытворчасці тут цалкам свой, лакальны.
– Самае каштоўнае насенне, шышкі і жалуды, нашы лесаводы збіраюць самастойна ў лясах “Прыпяцкага”, – тлумачыць спецыяліст. – Выключэнне складае хіба што адна цяпліца, дзе падрастае элітная селекцыйная хвоя – вось для яе насенне закуп-ляецца асобна. Пасадачны матэрыял выкарыстоўваецца не толькі для ўласных патрэб нацпарка, ён актыўна ідзе на продаж іншым лясгасам краіны і прыватным пакупнікам. Аўтарытэт мясцовага гадавальніка расце з кожным годам, бо нацпаркаўскія саджанцы вылучаюцца моцным імунітэтам і выдатнай прыжывальнасцю.

Час дэкаратыўных кветак і вечназялёных туй

Апошнім часам, дзякуючы ініцыятыве генеральнага дырэктара “Прыпяцкага” Юрыя Апановіча, гадавальнік асвойвае новы і вельмі перспектыўны кірунак – вырошчванне дэкаратыўных раслін. Вынікі гэтай працы сапраўды ўражваюць. На сённяшні дзень, па інфармацыі суразмоўцы, яны могуць прапанаваць пакупнікам каля 6 тысяч саджанцаў дэкаратыўных культур. Багацце асартыменту здольна задаволіць запыты любога, нават самага патрабавальнага гаспадара. Тут вырошчваюць і яркія кветкі (асаблівы гонар Марыны Фёдараўны раскошныя гартэнзіі), і разнастайныя лісцевыя пароды, і цудоўныя вечназялёныя расліны. Пышныя туі і маляўнічыя мажавельнікі цяпер масава купляюць для добраўпарадкавання і ўпрыгожвання прысядзібных участкаў.

Сэрца, аддадзенае дзецям і лесу

Пакліканне, прарослае з каранёў

Слухаючы Марыну Фёдараўну, міжволі лаўлю сябе на думцы: з якой каласальнай любоўю і пяшчотай яна гаворыць пра кожную расліну! Здаецца, што з лесам звязана ўсё яе жыццё. Тым больш здзіўляе факт, што ў гадавальніку жанчына працуе ўсяго трэці год, а да гэтага доўгі час выкладала хімію і біялогію ў Брынёўскай сярэдняй школе. Аднак ніякіх выпадковасцяў тут няма. Любоў Марыны Фёдараўны да лесу трывала прарасла з самых каранёў. Гэта сямейны лёс, з якім гераіня звязаная моцнымі, нябачнымі ніткамі. Яе бацька ўсё сваё жыццё аддаў лясной галіне, матуля больш за дваццаць гадоў адпрацавала ў гэтай сферы бухгалтарам, па лясных сцежках пайшоў і брат. У нацпарку працуе і муж Марыны Фёдараўны – вось такая прыгожая і моцная сямейная дынастыя.

Саюз вопыту і маладосці

Калі гаворка заходзіць пра калектыў, вочы Марыны Фёдараўны запальваюцца асаблівым цяплом. Жанчына шчыра пераканана: поспех гадавальніка – вынік згуртаванай каманднай працы.
– За гадавальнікам пастаянна замацаваны чатыры асноўныя работнікі, – распавядае жанчына. – Але ў гарачы сезон на дапамогу прыходзяць усе. Лесаводы працуюць дружна і зладжана, бо працы на трох гектарах пасадачнай плошчы заўсёды хапае.
Асобны гонар і шчырая радасць для нашай гераіні – яе юныя памочнікі. Каласальную падтрымку гадавальніку аказваюць вучні Брынёўскай і Ляскавіцкай школ, дзе дзейнічаюць гурткі юных лесаводаў. У час канікул тут працуюць лагеры працы і адпачынку, а таксама студэнцкія атрады. Многіх з гэтых хлопцаў і дзяўчат былая настаўніца ведае, таму іх стасункі напоўнены даверам і разуменнем.
Працаваць у гадавальніку зусім няпроста. Гэта пастаянны рух на вуліцы: летам – пад пякучым сонцам, ранняй вясной і позняй восенню – пад пранізлівым ветрам. Але Марына Фёдараўна з захапленнем назірае, як падлеткі шчыра аддаюцца справе. Таму яна даручае ім не толькі банальную праполку, але і куды больш складаныя, цікавыя працэсы: рабяты самі пасынкуюць расліны і вучацца чаранкаваць дэкаратыўныя культуры.
– Для мяне узаемадзеянне з моладдзю – сапраўдны глыток натхнення. Спадзяюся, для кагосьці з гэтых хлопцаў і дзяўчат летнія падпрацоўкі ў гадавальніку з часам перарастуць у свядомы выбар будучай прафесіі.

Дыялог з будучыняй і вечнасцю

Пакуль мы пераходзім ад цяпліцы да цяпліцы, ад палетка да палетка, разглядаючы акуратныя градкі з далікатнымі зялёнымі парасткамі, Марына Фёдараўна шмат разважае пра глабальную місію чалавека на зямлі. Для яе кожнае пасаджанае дрэўца – гэта не проста выкананне вытворчага плана, а сапраўдны дыялог з будучыняй і вечнасцю.
– Лес – жывы арганізм, які патрабуе павагі, – разважае наша гераіня. – Мы прыходзім і сыходзім, а дрэвы, якія мы сёння з любоўю закладваем у гэтую зямлю, застануцца пасля нас на стагоддзі. Вырасціць дубраву ці хвойны бор – гэта значыць пакінуць пасля сябе чыстае паветра, прыгажосць і сапраўдную каштоўную спадчыну для нашых нашчадкаў.
Напрыканцы нашай сустрэчы Марына Фёдараўна шчыра і вельмі паэтычна павіншавала калег з надыходзячым прафесійным святам:
– Дарагія работнікі лясной галіны! Ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, міру, спакою і сямейнага дабрабыту ў вашых дамах. Няхай наша праца заўсёды прыносіць радасць, а кожнае высаджанае намі дрэва расце дужым, набіраецца сіл і калі-небудзь, ператварыўшыся ў магутны векавы лес, прыгожа і годна загаворыць з самім небам аб нашай любові да роднай зямлі.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о