У Дзень народнага адзінства гарадскі пасёлак Капаткевічы стаў цэнтрам важнай у гісторыі Петрыкаўшчыны падзеі. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё новага турысцка-экскурсійнага аб’екта “Партызанская быль”.

Гэты ўнікальны мемарыяльны комплекс – не проста новая кропка на турыстычнай карце Петрыкаўшчыны, а сапраўдная грамадзянская ініцыятыва, увасобленая ў жыццё рукамі і сэрцамі саміх мясцовых жыхароў.
Сімвалічна, што комплекс адкрыўся менавіта на гераічнай капаткевіцкай зямлі. Гарпасёлак стаў адным з першых раённых цэнтраў Беларусі, які партызаны мужна адбілі ў нямецка-фашысцкіх захопнікаў яшчэ ў суровым 1942 годзе. Памяць пра гэты беспрэцэдэнтны подзвіг жыве і сёння.
Ідэя ўвекавечыць гісторыю землякоў нарадзілася ў насельніцтва і стала працягам экспазіцый “Музея Вялікай Айчыннай вайны” і “Генацыд беларускага народа”. Жыхары пасёлка ініцыявалі стварэнне комплексу, актыўна працавалі на суботніках і добраўпарадкоўвалі тэрыторыю. Калі гістарычная памяць адраджаецца па клічы душы саміх людзей, каштоўнасць такога месца ўзрастае ў разы.
У святочнай прэзентацыі комплексу прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, ганаровыя госці, моладзь і грамадскасць. Звяртаючыся да прысутных, старшыня Петрыкаўскага райвыканкама Яўгеній Шкробат падкрэсліў асаблівую значнасць моманту: “Сімвалічна, што гэты аб’ект адкрываецца менавіта ў Дзень народнага адзінства. Сіла беларусаў заўсёды заключалася ў згуртаванасці, вернасці традыцыям і павазе да сваёй гісторыі. “Партызанская быль” – яскравы прыклад таго, як сучаснае пакаленне беражэ праўду пра подзвіг дзядоў і прадзедаў. Нізкі паклон жыхарам за гэтую цудоўную, своечасовую ініцыятыву”.
Тэму пераемнасці пакаленняў і важнасці народнай ініцыятывы падтрымала старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Сіняковіч:
– Гэты аб’ект – не проста даніна памяці гераічнаму мінуламу нашага краю, гэта вынік супольнай працы і неабыякавасці нашых людзей. Гэты комплекс з’явіўся дзякуючы нашаму адзінству. Ён стаў жывым прыкладам таго, што калі мы аб’ядноўваемся дзеля высакароднай мэты – для нас няма нічога немагчымага. Сіла Капаткевічаў заўсёды была і застаецца ў яго людзях. Нізкі вам паклон, дарагія землякі, за патрыятызм, працу і вернасць нашай гісторыі!
Асаблівую, кранальную атмасферу мітынгу надалі выступленні артыстаў Капаткевіцкага гарадскога дома культуры. Іх творчыя нумары напоўнілі мерапрыемства глыбокім эстэтычным і эмацыянальным сэнсам. Пранізлівы “Танец жураўлёў” і хвалюючая тэатралізаваная інсцэніроўка з удзелам салдат, партызан і бесклапотнай маленькай дзяўчынкі, як сімвала выратаванага мірнага дзяцінства, прымусілі сэрцы гледачоў біцца мацней, а на вочы многіх навярнуліся слёзы.
Ганаровым госцем мерапрыемства стаў Леанід Яўгенавіч Ярота. Яго бацькі, Яўгеній Захаравіч і Вольга Трафімаўна, у гады вайны былі вядомымі мясцовымі партызанамі і змагаліся з ворагам у складзе легендарнай 125-й Капаткевіцкай брыгады. Леанід Яўгеньевіч з глыбокім хваляваннем і ўдзячнасцю падзякаваў землякам за тое, што памяць пра яго бацькоў жыве, а сённяшніх дзяцей выхоўваюць на прыкладах сапраўднай мужнасці.
Пасля ўрачыстых прамоў і адкрыцця аб’екта для гасцей правялі першую экскурсію-прэзентацыю.
Фінальнай кропкай гэтага душэўнага мерапрыемства стала традыцыйная салдацкая каша на свежым паветры. За талеркай гарачага пачастунку ўдзельнікі свята яшчэ доўга дзяліліся ўражаннямі, у чарговы раз даказаўшы: пакуль мы адзіныя і памятаем мінулае – у нас ёсць мірная і ўпэўненая будучыня.

Галіна КАЗАК,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о