Мы сустрэліся з чалавекам, чыё жыццё ўжо больш за 17 гадоў цесна звязана з лясной гаспадаркай. Наш суразмоўца – дырэктар прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Максіком-С” Яўгеній Насека.

Лес – гэта не толькі прыгажосць і зялёнае багацце нашай краіны. Гэта яшчэ і штодзённая праца людзей, якія добра ведаюць, што такое драўніна, як яе апрацоўваць і як зрабіць так, каб звычайнае бервяно ператварылася ў запатрабаваны тавар. Як і любы іншы від дзейнасці, вытворчасць піламатэрыялаў – справа карпатлівая, якая патрабуе ад чалавека пэўных ведаў, цярпення, ну і, вядома, наяўнасці ў характары прадпрымальніцкай жылкі.
Прыватнае прадпрыемства было створана 29 мая 2006 года Аляксандрам Макейчыкам, а наш герой кіруе прадпрыемствам з 18 мая 2009 года. Яўгеній жыхар горада Петрыкава. Скончыўшы Мазырскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна па спецыяльнасці “фізік, настаўнік працоўнага навучання”, ён вярнуўся на Петрыкаўшчыну. Працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Галубіцкай сярэдняй школе, пазней – у метадычным кабінеце, быў першым сакратаром ГА “БРСМ”. Актыўны, ініцыятыўны – такім ён быў заўсёды. Пазней паступіла прапанова заняцца прыватным бізнесам, і Яўгеній пагадзіўся паспрабаваць сябе ў новай справе. Вось ужо больш за 15 гадоў ён з’яўляецца дырэктарам прадпрыемства. Яўгеній прызнаецца: пах свежаспілаванай драўніны яму палюбіліся за гэты час. Цёплыя апілкі прыгожа разлятаюцца, напаўняючы прастору прыемным водарам лесу.

Майстар драўляных спраў
Па словах суразмоўцы, яны занялі сваю нішу ў Петрыкаўскім раёне, і работа не стаіць на месцы. Прадпрыемства ажыццяўляе рэалізацыю матэрыялаў на ўнутраны рынак – гэта Мінск, Мінская вобласць, цесна супрацоўнічае з ААТ “КрэпОлБуд”. Прадпрыемства аказвае паслугі насельніцтву: вываз і распілоўку матэрыялаў. Трэба адзначыць, што гэта даволі запатрабаваная паслуга. Работы заўсёды дастаткова, бо людзі пастаянна будуюцца, рамантуюць існуючыя пабудовы. Галоўны інструмент і гонар гаспадара піларамы — стужкавая піла, пры дапамозе якой за дзень можна вырабіць да сямі кубоў дошак. За год прадпрыемства перапрацоўвае больш за 1500 кубоў лесу. Акрамя піламатэрыялаў, прадпрыемства вырабляе ўласныя вырабы з дрэва: бяседкі, душавыя кабінкі, арэлі, гульнявыя комплексы. А ў бліжэйшых планах – бані-бочкі (на фота).

Майстар драўляных спраўУ калектыве працуюць 7 чалавек, 2 з іх працуюць ўжо больш за 15 гадоў, гэта Валерый Анціпаў і Уладзіслаў Бадзякоўскі. Работа круглагадовая – стужкавы станок не змаўкае ні на хвіліну. Піларама абсталявана матэрыяльна-тэхнічнай базай, ды і работы хапае.
Хочацца адзначыць яшчэ адну важную рысу характару героя артыкула. Прадпрыемства “Максіком-С” – гэта прыклад сацыяльна адказнага бізнесу. Яўгеній перакананы: калі ты працуеш на сваёй зямлі, ты павінен удзельнічаць у яе жыцці і дапамагаць людзям. “Максіком-С” аказвае спонсарскую дапамогу гораду, падтрымлівае важныя ініцыятывы. З апошніх – дапамога ў закупцы спартыўнага інвентару для сектара спорту, актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Акрамя таго, калектыў прадпрыемства – гэта не толькі прафесіяналы ў цэху, але і актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця. Яны годна прадстаўлялі сваю каманду на футбольным турніры памяці Рыжанкова, дэманструючы прыклад здаровага ладу жыцця і каманднага духу.
Напярэдадні Дня работнікаў лесу хочацца пажадаць Яўгенію і ўсяму калектыву “Максіком-С” моцнага здароўя, новых творчых ідэй і няспыннага росту.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о