Патрыятычная акцыя “Рака памяці”, прысвечаная мірным ахвярам са спаленых вёсак у часы Вялікай Айчыннай вайны, у Беларусі традыцыйна прымеркавана да гадавіны Хатынскай трагедыі і праводзіцца 22 сакавіка.

Хатынь – сімвал тысячы спаленых вёсак, але ў кожным раёне нашай краіны ёсць свая Хатынь і не адна.

Сакавік – першы месяц вясны і абуджэння прыроды, стаў для Петрыкаўшчыны месяцам горкай памяці. Падчас вайны толькі ў гэтым месяцы ў Петрыкаўскім і былым Капаткевіцкім раёнах фашыстамі было спалена і зруйнавана 10 вёсак. А за ўвесь перыяд акупацыі на Петрыкаўшчыне было спалена разам з жыхарамі 82 вёскі і гарадскі пасёлак Капаткевічы – вы толькі ўдумайцеся ў гэту лічбу!

Сакавік 1942 года – знішчаны Малыя Нівы, Доўгія Нівы, Хвойня. Агульная колькасць чалавечых ахвяр склала 2175 чалавек па афіцыйных дадзеных.

Сакавік 1943 года  – яшчэ 6 вёсак ахінула полымя: Бобрыкі, Боркі, Заполле, Камаровічы, Фаставічы, Рог. У агульнай колькасці было знішчана больш за 300 чалавек.

У сакавіку 1944 года, калі фронт наблізіўся да межаў раёна, была зруйнавана вёска Багрымавічы, загінулі 124 чалавека.

Самай жудаснай трагедыяй па колькасці загінуўшых не толькі ў нашым раёне, а нават у памерах рэспублікі, з’яўляецца вёска Хвойня. Па розных дадзеных 29 сакавіка 1942 года у гэтай вёсцы спалена і забіта больш за 2 тысячы мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей.

Па ўспамінах Ефрасінні Мікіцічны Кузьміч, жыхаркі гарадскога пасёлка Капаткевічы, дэпутата, удзельніцы партызанскага руху ў час Вялікай Айчыннай вайны, у сярэдзіне 60-х гадоў ХХ-га стагоддзя разглядалася пытанне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу загінуўшым вёскам менавіта ў Хвойні. Галоўным аргументам для камісіі стаў той факт, што вёска ўзнавілася пасля вайны, хоць і не ў былым памеры.

Без перабольшвання можна сказаць, што каля кожнага населеннага пункта нашага раёна ёсць помнікі і магілы, дзе пахаваны вядомыя і невядомыя мірныя жыхары, якія былі забіты, павешаны або  спалены жывымі. Наведваючы іх магілы мы не толькі аддаём ім даніну нашай увагі, але і захоўваем памяць пра падзеі, якія не павінны паўтарыцца ніколі!

22 сакавіка па ўсёй краіне пройдзе акцыя “Рака памяці”, да якой можа далучыцца кожны, прыняўшы ўдзел у памятных мерапрыемствах на помніках ахвярам фашызму.

Надзея Сігай.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о