Аб’яўлены Прэзідэнтам Год беларускай жанчыны павярнуў ўвагу грамадства на вялікую прыгожую суполку грамадзян Беларусі, на плячах якіх (няхай даруюць мне мужчыны!), трымаецца наша грамадства – ні больш, ні менш!

Мы завіталі ў аграгародок Пціч, дзе вучыць дзяцей быць спрытнымі і вынослівамі, гартуе іх характар, адкрывае сакрэты спартыўнага майстэрства маладая настаўніца фізічнай культуры і спорту, кандыдат у майстры спорту па кіданні кап’я, неаднаразовая пераможца і прызёр абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў – Ганна Шпалак.
Нарадзілася і вырасла Ганна ў вёсцы Новыя Галоўчыцы. Дзяўчына старэйшая з шасці дзяцей у сям’і. Яшчэ ў школе наша гераіня пачала рабіць свае першыя крокі ў спорце.

– У першым класе вырашыла, што буду настаўніцай фізічнай культуры і больш нікім, і мэтанакіравана ішла да сваёй мэты.
Наведвала ўсе спартыўныя секцыі. У 5-м класе пачала ездзіць на раённыя спаборніцтвы: кіданне мяча, бег, валейбол, баскетбол, лыжы, стральба – па ўсіх відах спорту, якія ладзіліся ў раёне, – дзеліцца гераіня.
Асабліва Ганне падабалася кідаць кап’ё, спартсменка адзначае, што настаўнік фізічнай культуры Навагалоўчыцкай школы Сяргей Васільевіч Пятрэнка шмат увагі надаваў менавіта гэтаму віду спорту.

Па выніках раённых спаборніцтваў дзяўчына не аднаразова трапляла на абласны, а затым і на рэспубліканскі ўзровень. На адным з такіх спаборніцтваў Ганну заўважыў трэнер Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Пасля 9-ці класаў юная спартсменка паступіла ў гэту ўстанову. Пачаліся рэгулярныя трэніроўкі па кіданні кап’я і штурханні ядра, удзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах на новым узроўні. Асабісты рэкорд Ганны Шпалак у кіданні кап’я – 50 метраў.
Пасля заканчэння вучылішча Ганна працягнула адукацыю ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці “Фізічная культура”. Для яе быў створаны індывідуальны графік наведвання заняткаў, асноўная ўвага надавалася трэніроўкам: з ранку адпрацоўваліся навыкі кідання і штурхання, а ўвечары – агульнасілавая падрыхтоўка.
Атрыманая траўма і нараджэнне сына змяніла спартыўныя інтарэсы Ганны, яна вырашыла працягваць кар’еру ў спорце як настаўнік.
Пасля заканчэння ўніверсітэта суразмоўца была размеркавана ў Пціцкую сярэднюю школу настаўнікам фізічнай культуры і спорту. І, як гаворыцца, знайшла сваё месца.
Мясцовасць сельская, звыклая для Ганны, калектыў дружны, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Маладой настаўніцы па хадатайніцтве ўстановы адукацыі выдзелілі асобны дом, які знаходзіцца побач са школай. Абслуговаўваннем дома і справамі па дамашняй гаспадарцы гераіня займаецца сама.

На мой погляд, няма праблемы, з якой бы не змагла справіцца Ганна: дзесяцігадовы стаж упраўлення аўтамабілем, навыкі працы з матаблокам (і нават ворыва), бензапілой, шліфмашынкай і іншымі інструментамі. Насекчы дроў для Ганны зусім простая справа. Зараз гераіня засвойвае навыкі самастойнай афарбоўкі машын, можа зрабіць невялікі рамонт свайго аўтамабіля.
Падчас працоўнага адпачынку актыўная беларуска не можа без справы. Напрыклад, летам 2025 года Ганна працавала на трактары ў КСУП “Некрашынскі” ў вёсцы Валасовічы Акцябрскага раёна на падвозцы зялёнай масы, за што Пціцкай сярэдняй школе прыйшоў Падзячны ліст.
Мужчыны-механізатары, канечне, часам кпілі з яе, але аўтарытэт сярод іх яна зарабіла. У планах у Ганны Аляксееўны павысіць катэгорыю трактарыста-машыніста і падчас уборачнай сесці ўжо за штурвал камбайна.
Акрамя ўрокаў фізічнай культуры ў школе Ганна Аляксееўна вядзе яшчэ і спартыўныя секцыі.
Настаўніца імкнецца пастаянна ўдасканальвацца і ў прафесійным плане. У мінулым годзе яна атрымала пасведчанне трэнера па футболе і рыхтуе вучняў і па гэтым відзе спорту.
“Ганна Шпалак – чалавек на якога можна разлічваць у любой справе і яна не падвядзе!”, – адзначае дырэктар установы Людміла Зізюк.
У сферы інтарэсаў маладой настаўніцы – усе віды спорту, у тым ліку і камандныя, акрамя таго яна з’яўляецца кіраўніком валанцёрскага атрада, які працуе ў Пціцкай сярэдняй школе, працуе з вучнямі ў студ-атрадзе ў летні перыяд і не цураецца ніякіх абавязкаў.
Ганна Шпалак – яркая прад-стаўніца прыгожай паловы нашай краіны, у якой атрымліваецца ўсё.
Надзея СІГАЙ,
фота аўтара.








Оставить комментарий