Праца, памножаная на гады

0
683

Праца, памножаная на гады

Наша землячка – Любоў Сцяпанаўна Коўтун, у дзявоцтве Кукса, з вёскі Заброддзе, 1 сакавіка адзначыць сваё 90-годдзе.

Сустракаючыся з людзьмі залатога ўзросту, заўсёды здзіўляешся той сіле духу, працавітасці, нястомнасці і непахіснасці, якой яны валодаюць.

Малой дзяўчынкай мая гераіня прайшла праз цяжар ваеннага ліхалецця, разруху, галодныя пасляваенныя гады. Скончыўшы шэсць класаў, пачала працаваць у калгасе. Даводзілася цяжка, зніжку на ўзрост ніхто не рабіў. Шмат клопату было і па хатняй гаспадарцы, руплівых рук чакалі бацькоўскія і калгасныя палеткі. Ставілі за работу працадні, а падаткам падвор’е бацькоў абкладалі. Каб яго выплаціць, Люба з сёстрамі збіралі ягады і жалуды, якія вазілі ў Навасёлкі і здавалі за грошы.

Як і кожная дзяўчынка свайго часу, мая суразмоўца з маленства вучылася вязаць, шыць, вышываць. З гэтых заняткаў Любові больш за ўсё падабалася вышыўка: падзоры, покрыўкі, посцілкі – усё было ўпрыгожана працавітымі рукамі дзяўчыны. Вышывала ручнікі ў падарунак на вяселле: для родных  свайго будучага мужа і сваякоў траіх сваіх сясцёр.

– Толькі тры гады назад я перастала браць у рукі пруткі і кручок – сталі падводзіць вочы, а раней вязала ўнукам і праўнукам шкарпэткі, дыванкі, сурвэткі, – прызнаецца жанчына.

Усё працоўнае жыццё Любові Сцяпанаўны прайшло на калгаснай ферме. Спачатку даглядала цялят. На аднаго жывёлавода прыходзілася па 70 галоў – гэта значыць 70 вёдраў пойла ўранні і столькі ж увечары на невялікія жаночыя рукі. А яшчэ трэба было ў час выкінуць гной, падсцяліць саломай, раздаць сілас ці сена. Падгадаваўшы групу цялят да дойнага статку, жанчына пайшла працаваць даяркай. Занятак таксама не з лёгкіх: пачысціць хлявы і рукамі выдаіць 15 кароў. Рагулі давалі амаль па вядру малака – зноў 150 літраў уранку і столькі ж увечары аднясі, каб выліць у бітоны.

Калі ферму абсталявалі даільнымі апаратамі, то на кожную даярку прыходзілася ўжо па 25 кароў. Не сказаць, што стала на шмат лягчэй – даілі ў цяжэрныя бачкі.

Любоў Сцяпанаўна з мужам пабудавалі хату, вырасцілі дваіх дзяцей: дачку Марыю і сына Васіля. Хатняя гаспадарка была дабротная: хлявы, лазня, дзве каровы, конь, свінні і  куры. Садзілі вялікі агарод і “соткі” ў полі. Па іншаму было не пражыць – раней агародніны, мяса з салам ды малочных прадуктаў у вясковай краме немагчыма было набыць.

– Вёска Заброддзе ў той час была даволі вялікая: мелася крама, клуб, школа-васьмігодка і аддзяленне саўгаса “Навасёлкі”.  Побач знаходзіліся вёскі Клясаў і Млынок. Усе адзін аднаго ведалі – то радня, то сваяк, то сусед. На святы абавязкова наведваліся ў суседнія вёскі Ванюжычы, Філіпавічы да родных. Альбо родныя з суседніх вёсак прыходзілі ў госці, – ўсміхаецца доўгажыхарка.

На жаль, муж і дзеці маёй гераіні ўжо пайшлі з жыцця, але ў жанчыны чатыры дарослыя ўнукі і васьмёра праўнукаў.

Сваё 90-годдзе жанчына сустракае ў гарадскім пасёлку Капаткевічы ў доме нявесткі Таццяны Коўтун, якая забрала яе да сябе на зіму. Любоў Сцяпанаўна не нарадуецца на сваю Таццяну і вельмі ўдзячна ёй за прытулак, добрыя адносіны і душэўнае цяпло. Вельмі сумуе жанчына па сваёй хаце ў вёсачцы, але разумее, што прыняла правільнае рашэнне.

Любоў Сцяпанаўна ўсё жыццё пражыла ў працы і ў клопаце і засталася светлым, добрым і шчырым чалавекам. Хочацца адзначыць, што менавіта ў такіх людзей, якія прайшлі праз безліч выпрабаванняў, цяжкую штодзённую работу і страты, нам патрэбна вучыцца жыццёвай мудрасці, дабрымі і нястомнасці.

Пажадаем Любові Сцяпанаўне здароўя і радасці ад сустрэч з роднымі і блізкімі людзьмі.

Надзея Сігай,

фота аўтара.

 

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о