Прафсаюзы дзякуюць аграрыям за хлеб

0
48

Днямі на кукурузным полі БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” прайшла акцыя галіновага прафсаюза ААТ “Бела-руськалій”.

Герой дня – Руслан Качэля. Каб не адрываць механізатара ад напружанага вытворчага рытму, старшыня прафсаюзнага камітэта Петрыкаўскага рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій” Андрэй Сцяцко ўшанаваў мужчыну прама на працоўным месцы.

У асноўны час Руслан Сяргеевіч працуе машыністам бульдозера рудніка Петрыкаўскага РУ, але ў гарачы час жніва былы механізатар сельгаспрадпрыемства штогод вяртаецца да вытокаў – на родныя палеткі.

Сёлета мужчына намалаціў амаль 2000 тон збожжа і гэта істотны ўнёсак у агульны каравай раёна. Уборка зерневых ужо завершана, аднак механізатар не адпачывае: ён перасеў на нарыхтоўку кукурузнага сіласу, працягваючы ставіць новыя працоўныя рэкорды. Яго заўзятасць і адказнасць заслугоўваюць павагі.

Як адзначыў Андрэй Сцяцко, акцыя “Белхімпрафсаюза” стала яшчэ адной нагодай падтрымаць матэрыяльна і выказаць словы шчырай удзячнасці работнікам, якія з ранку да позняга вечара шчыруюць на жніўных палетках.

– Сёлета сем супрацоўнікаў ААТ “Беларуськалій” працавалі на жніве. Сярод іх і Руслан Качэля – чалавек, чые працоўныя поспехі аднолькава высока цэняць і на вытворчасці, і ў сельгаспрадпрыемстве. Жадаем нашаму работніку новых працоўных вышынь, моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту, – дадаў прафсаюзны лідар.

Галіна КАЗАК,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о