Пра абарачэнне ІПЧ “Маёмасць”

0
53

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб абарачэнні імянных прыватызацыйных чэкаў “Маёмасць” № 298, тэрмін абарачэння ІПЧ падоўжаны па 31 снежня 2030 года. З самымі хвалюючымі насельніцтва пытаннямі мы звярнуліся да намесніка начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Наталлі Петрушэнка.

– Ці можна ў цяперашні час атрымаць чэкі “Маёмасць”?
– Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 1995 года № 3703-XII быў вызначаны тэрмін выдачы ІПЧ “Маёмасць” да 1 ліпеня 1997 года. Тыя грамадзяне, якія ва ўстаноўлены тэрмін не паспелі іх атрымаць, страцілі сваё права на атрыманне.

– Як можна распарадзіцца чэкамі “Маёмасць”?
– Сёння нявыкарыстаныя ІПЧ можна перааформіць з мэтай падзелу, аб’яднання, перадачы іншай асобе або перадаць чэкі ў распараджэнне даверанай асобы ці арганізацыі. Можна выкарыстоўваць чэкі пры набыцці дзяржаўных аб’ектаў, якія прыватызуюцца (акцый, доляў, паёў у маёмасці такіх аб’ектаў) ці ўспадкаваць і адпісаць чэкі.

– Ці будзе грашовая кампенсацыя за нявыкарыстаныя чэкі?
– Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 1993 г. № 2468-XII “Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь” прадугледжана, што па заканчэнні тэрміну абарачэння прыватызацыйных чэкаў не выкарыстаныя ўладальнікамі чэкі могуць быць прад’яўлены для пагашэння па месцы выдачы. Тэрмін і парадак выплаты кампенсацыі за нявыкарыстаныя прыватызацыйныя чэкі і іх кошт устанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Кампенсацыі будуць падлягаць толькі асабіста налічаныяІПЧ “Маёмасць”.

– Ці можна выкарыстоўваць чэкі “Маёмасць” для прыватызацыі жылых памяшканняў?
– Не, у адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2007 г. № 6 “Аб упарадкаванні абарачэння і выкарыстання імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё” выдача чэкаў “Жыллё” спынена з 1 студзеня 2007 г., у сувязі з гэтым пераафармленне чэкаў “Маёмасць” у чэкі “Жыллё” немагчыма.
Мэтавым прызначэннем чэкаў “Маёмасць” з’яўляецца іх абмен на акцыі адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе пераўтварэння дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў.

– Ці можна вярнуць чэкі “Жыллё”, якія былі абмененыя на чэкі “Маёмасць”?
– Сёння дадзеная аперацыя немагчыма.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о