21 сакавіка ў Гомелі завяршыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод педагогаў агульнаадукацыйных устаноў “Настаўнік года”.
На гэтым прэстыжным фестывалі педагагічнага майстэрства Петрыкаўшчыну годна прадставіла Юлія Аляксандраўна Нікіцюк, настаўнік матэматыкі ДУА “Мышанская сярэдняя школа». Педагог выйшла ў суперфінал і атрымала дыплом лаўрэата ІІІ ступені.

Наша гераіня скончыла Мазырскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Матэматыка. Інфарматыка”, таму што захаплялася камп’ютарамі і хацела звязаць свой лёс з інфарматыкай.
У якасці настаўніка Юлія Аляксандраўна сябе не бачыла, але пасля заканчэння навучання назаўсёды звязала свой лёс з адукацыяй.
– Настаўнікам матэматыкі працую 23 гады. Галоўнае для мяне – гэта зацікавіць вучня, выклікаць інтарэс для прадмета, паказаць, што матэматыка не сухая навука, а займальная галаваломка. А дзеці вельмі любяць разгадваць таямніцы і адшукваць рашэнні. Педагог – гэта вельмі шматгранная прафесія. Ты можаш паспрабаваць сябе ў розных сферах: рэжысёра, спевака, артыста, валанцёра. Працуючы ў школе, вучышся чуць дзяцей, жыць іх інтарэсамі, давяраць ім. І яны ў адказ цягнуцца да цябе, распавядаюць табе самыя патаемныя думкі, адкрываюць свае мары, – дзеліцца педагог.
Паспрабаваць свае сілы на конкурсе “Настаўнік года” Юліі Аляксандраўне прапанавала кіраўніцтва ўстановы адукацыі. Педагог пагадзілася, таму што за гады працы быў набыты пэўны вопыт, якім хацелася падзяліцца. Спачатку быў раённы этап, дзе Юлія Нікіцюк стала пераможцам і прайшла ў абласны тур.
Абласны этап складаўся з завочнага тура, на які папярэдне настаўнікі адсылалі канспект урока, відэа-візітоўку і вопыт работы. Юлія Аляксандраўна трапіла на другі, вочны этап, які працягваўся 7 дзён.
На гэтай ступені спаборніцтва патрэбна было паказаць творчае прадстаўленне-візітоўку на сцэне, урок па прапанаванай тэме ў незнаёмым класе і майстар-клас для студэнтаў універсітэта.
– Хачу адзначыць, што гэта агульная перамога, і выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы да абласнога этапа. Гэта, найперш, кіраўніцтва Мышанскай школы – дырэктар Ганна Шэвель, намеснік дырэктара Аксана Рудзько, а таксама мае калегі — настаўнікі Алена Папок і Наталля Немцава, якія былі са мною на працягу ўсяго абласнога этапа. Кіраўніцтва Гімназіі г.Петрыкаў, якое прадаставіла нам касцюмы для выступлення.
Падтрымка адчувалася і на раённым узроўні: намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Наталля Ходзька, начальнік аддзела адукацыі Людміла Жукавец, супрацоўнікі РВМК Аляксандр Барэлка і Анастасія Шабалтас прысутнічалі ў зале на фінальным этапе. Бачыць знаёмыя постаці, усмешкі, адчуваць падтрымку, разумець, што ты не адна – гэта таксама надавала сіл. Разумееш, што ты павінен выкласціся на ўсе 100%, паказаць усё лепшае, што ўмееш.
Удзел у абласным этапе рэспуб-ліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” быў вельмі цікавым і займальным, дазволіў пазнаёміцца з калегамі з іншых раёнаў, нечым падзяліцца, а нечым і папоўніць сваю педагагічную скарбонку, – адзначыла напрыканцы размовы Юлія Нікіцюк.

Надзея СІГАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о