Да вайны я ніколі не быў у Беларусі,
Я не ведаў, што я пехатою сюды дабяруся,
Я не ведаў, што тут працякае малая рачулка,
Я не ведаў, што бераг яе чаратовы мне стане апошнім прытулкам!

Хасанаў Ібрагім, сын узбекскага народа, адзін з тысячы, які склаў сваю галаву пры вызваленні Петрыкаўшчыны. За дзясяткі тысяч кіламетраў ад роднай зямлі халодным лютаўскім днём 1944 года ён упаў на беларускую зямлю пранізаны кулямётнай чаргой. А над хлопцам было вялікае палескае неба, якое сек часты артылерыйскі агонь. А на радзіме ў горадзе Самаркандзе яго чакалі родныя і матуля Рубаба.
“Адзін з тысячы” – гэта не ходкі выраз: 1119 савецкіх салдат пахавана на ваенных могілках вёскі Гарадзішча. Тысячы лёсаў, якія спыніліся тут, на Палессі. Пад цэментнымі плітамі гэтага мемарыяла спяць прадстаўнікі 20-ці нацыянальнасцей і народнасцяў СССР. Найбольшая колькасць – рускія, затым ідуць украінцы і беларусы. А чацвёртыя па колькасці – выхадцы з Узбекістана.
415 стралковая дывізія, у якой служыў Ібрагім Хасанаў, удзельнічала ў контрнаступленні пад Масквой, Арлоўскай і Мазырска-Калінкавіцкай аперацыях. За вызваленне горада Калінкавічы дывізіі прысвоена званне Калінкавіцкая. К пачатку лютага 1944 года дывізія выйшла да нізоўяў ракі Пціч. Нямецкія часткі, адступаючы пад ударамі савецкіх войск, замацаваліся на прамежкавым рубяжы: Перавессе, вышыня 136,1, Івашкавічы, Паўлаўка. Вораг узмацніў пазіцыі, мясцовасць працавала на яго карысць: балоцістыя мясціны з вышынямі, на якіх замацавалася артылерыя, замініраваныя ўчасткі мясцовасці. Стралковы полк 1323, дзе ваяваў Хасанаў, вызваліў вёску Гарадзішча Пціцкага сельсавета. Пад агнём праціўніка савецкія байцы фарсіравалі раку Пціч і замацавалася на беразе ракі паблізу Паўлаўкі. Становішча ўскладнялася тым, што наступаючыя былі адрэзаны ад астатняга фронту: ззаду рака Пціч, з боку вёскі Івашкавічы б’юць нямецкія кулямёты, мінамёты і артылерыя.
Але частка выканала баявую задачу: заняла і ўтрымала рубеж і перайшла да жорсткай абароны. Цяжкія баі за зусім невялікі населены пункт прынеслі значныя страты сярод вызваліцеляў. Іх пахавалі тут жа, паблізу вёскі Паўлаўка.
Фронт супыніўся на гэтым рубяжы на доўгія шэсць месяцаў…
– Мы мала ведаем пра Ібрагіма Хасанава. Гэта дзядзька майго бацькі. Ён нарадзіўся ў 1925 годзе ва Узбекскай ССР. У час Вялікай Айчыннай вайны, не сказаўшы родным, хлопец пайшоў дабравольцам на фронт. У 1944 годзе родным прыйшла горкая навіна, што Хасанаў Ібрагім прапаў без вестак. Але мы не прыпынялі пошук, дасылалі лісты ў розныя інстанцыі. У 1990 гаду да сям’і дайшла пахаванка, – расказвае Цеймур Мірзаев. – Мая бабуля, сястра Ібрагіма, усё жыццё марыла даведацца пра яго лёс. Яна памерла ў 1998 годзе, а я працягнуў пошук. Складана было яшчэ і таму, што з першаснага месца пахавання Паўлаўкі ён быў перапахаваны. Сам я з сям’ёй жыву ў Маскве, мае бацькі ва Узбекістане. Шэсць гадоў назад я прыехаў сюды ўпершыню. І з таго часу наведваю магілу дзеда кожны год. Езджу, так ужо атрымалася, са сваім добрым сябрам Арцёмам Аляксандравічам Роганавым. Захавалася фота Ібрагіма, якое мы размясцілі на адной з пліт.
– Трэба адзначыць, што Цеймур не едзе да магілы дзеда з пустымі рукамі, ён прывозіць фарбу. Першы раз яны захапілі яе з сабою, думалі патрэбна будзе аднавіць мемарыял, але ўжо ўсё было зроблена – перадалі нам у сельскі савет. Зараз вязуць з сабою фарбу наўмысна, разумеюць, што патрэбна ўтрымліваць ваенныя могілкі і брацкія захаванні ў належным стане. Мы вельмі ўдзячны Цеймуру Аліевічу і яго сябру Арцёму Аляксандравічу за дапамогу, – адзначыла Святлана Сіняковіч, старшыня Капаткевіцкага сельскага Савета.
Памяць жыве праз гады, кліча родных і блізкіх загінуўшых за тысячы кіламетраў ад родных мясцін, каб пакланіцца таму куточку, які стаў апошнім прытулкам для абаронцаў. Што іх цягне? Голас крыві, удзячнасць? Няхай ніколі не сціхне гэты далёкі голас, які нагадвае нам пра подзвіг тых, хто ахвяраваў сваё жыццё за мірнае неба над нашай Беларуссю.
Мы памятаем усіх: беларусаў, рускіх, украінцаў, узбекаў, казахаў і сыноў іншых народаў. Для беларусаў яны – родныя, сваякі.
І як да сваіх родных мы ідзем да брацкіх магіл і воінскіх пахаванняў з кветкамі, вянкамі і ўдзячнасцю.

Надзея СІГАЙ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о