Эстафета памяці

0
212

Заўтра краіна адзначыць 81-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 9 Мая – свяшчэнны напамін усім нам пра подзвіг, які здзейснілі нашы продкі, абараняючы сваю Радзіму ад фашысцкай навалы. У кожным доме, у кожнай сям’і захоўваецца гэтая памяць, перадаецца з пакалення ў пакаленне, становячыся неад’емнай часткай нашай гісторыі і нашай ідэнтычнасці. Важна, што падрастаючае пакаленне бярэ эстафету памяці ў сваіх бацькоў і прадзедаў. Менавіта моладзь з’яўляецца захавальнікам гістарычнай праўды, той сілай, якая здольна перадаць наступным пакаленням веліч Перамогі!

Эстафета памяці

Яраслава СУПРАНЕНКА, ДУА “Мышанская сярэдняя школа”:
– Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны перастала быць для мяне абстрактнай пасля аповедаў маёй прабабулі пра жыццё ў той страшны час. Вайна кранула сваім чорным крылом і нашу сям’ю і стала яе неад’емнай часткай. Я ганаруся подзвігам свайго прадзеда Віктара Агіевіча Сідаравіча, які гераічна абараняў сваю Радзіму ад фашыстаў і прайшоў вогненнымі дарогамі вайны ад сцен Сталінграда да Варшавы.
У маі 1941 года мой продак быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію, атрымаў званне старшага лейтэнанта. Падчас вайны служыў у 164-й танкавай брыгадзе 16-га танкавага корпуса. Змагаўся на Курскай дузе. За час вайны падбіў 18 варожых бронемашын, 10 танкаў давялося памяняць самому. У баях з ворагамі тры разы гарэў у танку, 5 разоў быў паранены, але пасля лячэння зноў рваўся ў бой. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны, многімі баявымі медалямі. А праз 45 гадоў пасля вайны яшчэ адна ўзнагарода знайшла героя – ордэн Чырвонай Зоркі за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях падчас Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі ў 1943 годзе.
Пакуль жыве памяць, пакуль мы памятаем, жывуць імёны нашых герояў, нашых родных, а мы ўсведамляем, якой цаной дасталася свабода.

Эстафета памяціМарыя ВАЛЕНЦЕЙЧЫК, ДУА ”Бабуніцкая сярэдняя школа”:
– Сёння, калі мы жывем у мірны час, вельмі важна, каб падрастаючае пакаленне шанавала памяць герояў той вайны. З дзяцінства мне расказвалі родныя пра майго прапрадзеда Пятра Сцяпанавіча Ткачука. Яго малая радзіма Бабунічы, працаваў настаўнікам пачатковых класаў. З самага пачатку вайны па кастрычнік 1942 года ўваходзіў у склад падпольнай камсамольскай арганізацыі, кіраўніком якой быў родны брат Аляксандр, які разам з трыма таварышамі быў расстраляны немцамі ў жніўні 1942 года.
Пасля таго, як падпольная арганізацыя засталася без кіраўніка, астатнія члены падполля прынялі рашэнне: мужчынам ісці ў партызаны, а жанчынам заставацца на месцы і працягваць работу.
Мой прапрадзядуля быў разведчыкам і сувязным партызанскага атрада № 125 Балотнікава 130 Петрыкаўскай брыгады. Часта дастаўляў звесткі ў штаб партызанскага руху, падтрымліваў сувязь з падпольшчыкамі, якія засталіся на акупіраванай тэрыторыі.
У снежні 1943 года пры набліжэнні савецкіх войск да Палесскай вобласці Капаткевіцкага раёна быў накіраваны ў распараджэнне войск Чырвонай Арміі для суправаджэння іх па тэрыторыі, якая была яму знаёма па партызанскай барацьбе. Так ён трапіў у дзеючую армію, а потым на фронт.
Радавы Пётр Ткачук, з’яўляючыся разведчыкам пры штабе стралковай дывізіі І Беларускага фронта, прымаў актыўны ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі са снежня 1943 года па студзень 1944 года.
У студзені 1944 года, знаходзячыся ў разведцы паблізу горада Жлобіна Гомельскай вобласці, быў цяжка паранены і накіраваны ў шпіталь. За мужнасць і гераізм мой прапрадзед быў узнагаро-джаны Ордэнам Чырвонай Зоркі, Медаллю “Партызану Айчыннай вайны”., Ордэнам Айчыннай вайны І ступені, 6-цю Юбілейнымі медалямі.
Сёння, калі свет сутыкаецца з новымі выклікамі і пагрозамі, памяць пра Вялікую Перамогу набывае асаблівае значэнне. Яна нагадвае нам пра тое, што мір – гэта найвялікшая каштоўнасць, якую трэба берагчы. Яна вучыць нас адказнасці за будучыню і неабходнасці супрацьстаяць любым праявам агрэсіі і нянавісці.

Эстафета памяці

Кацярына РУДАЎСКАЯ, ДУА “Курыціцкая сярэдняя школа” :
Вайна – гэта самае страшнае, што можа здарыцца ў жыцці чалавека. З часам яна становіцца ўсё больш далёкай падзеяй, яе ўдзельнікі адыходзяць з жыцця. Кожная сям’я на сабе выпрабавала цяжкасці вайны, і мая не выключэнне.
Мой прадзед, Лаўрэнцій Рыгоравіч Рог, з вёсцы Востраў у 1940 годзе быў прызваны ў армію. Служыў у 37-м асобным матарызаваным пантонна-маставым батальёне Севера-Каўказкага фронта.
У ходзе баёў батальён забяспечваў пераправу савецкіх войскаў праз Днестр, Буг і Дняпро. Удзельнічаў у абароне Кубані. Пантанеры не толькі прафесійна выконвалі свае сапёрна-інжынерныя функцыі, але і са зброяй у руках, калі таго патрабавала баявая абстаноўка, выступалі супраць ворага.
Нялёгка прыйшлося майму прадзеду. У адным з баёў ён атрымаў раненне.
У 1943 годзе мой прадзед, здзейсніў подзвіг і быў узнагароджаны ордэнам ”Айчыннай вайны” 2-й ступені. Выпіска з узнагароднага ліста: “Рызыкуючы жыццём, пераадольваючы стыхію, ён выратаваў параненых…”.
Узнагароджаны медалём ”За абарону Каўказа” і медалём ”За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”.
Сустрэў Перамогу прадзядуля ў горадзе Пілаў (сёння Балтыйск), у званні старшына.
Акунуўшыся ў падзеі тых дзён, я адчуваю гордасць за майго прадзеда і за ўсіх савецкіх салдат. Схіляюся перад іх мужнасцю і адвагай.

Эстафета памяці Ганна ВАСІЛЕЦ, ДУА “Конкавіцкая сярэдняя школа”:
– Для мяне, свята Перамогі мае асаблівае значэнне. Я актыўны ўдзельнік усіх мерапрыемстваў, якія праходзяць у школе ў гэтыя дні. Разумею, што гэта не проста школьныя ўрокі ці канцэрты. Наш абавязак – захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну, пра подзвіг савецкага народа, пра тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля нашай свабоды.
У школе мы шмат гаворым пра вайну, пра гераізм салдат, пра мужнасць партызан, пра нязломны дух тылавікоў. Мы чытаем вершы, слухаем песні, глядзім фільмы, якія дапамагаюць нам адчуць усю трагедыю тых гадоў і веліч Перамогі. Але для мяне асабліва важна, што ў нашай сям’і ёсць свой герой.
Гэта мой прадзед, Дударэнка Фама Іванавіч, які ў часы Вялікай Айчыннай ваяваў у складзе 39-га партызанскага атрада 125-й Капаткевіцкай партызанскай брыгады, быў збройнікам. Ва ўзнагародным лісце аб прадстаўленні яго да медаля ”За адвагу” пазначана: ”Таварыш Дударэнка ў атрадзе з’яўляўся збройным майстрам, дзе выправіў больш за 30 вінтовак, зрабіў для двух РПГ у затвор баявыя ўпоры і зрабіў два самаробныя аўтаматы”. У 1944 годзе ўдзельнічаў у аперацыі ”Баграціён” ужо будучы камандзірам аддзялення 39-га партызанскага атрада імя В.Н. Бажэнкі 150-й партызанскай брыгады імя Ф.М. Языковіча. У баях за вёску Грабоў у лютым сорак трэццяга праявіў сябе як лепшы баец.
Няхай памяць пра Вялікую Перамогу жыве ў нашых сэрцах. Несумненна, што гэтую сямейную гісторыю будуць ведаць і мае дзеці.
81-я гадавіна Перамогі стане яшчэ адным напамінам пра тое, што мы – нашчадкі пераможцаў. Памяць пра подзвіг нашых продкаў будзе вечна жыць у нашых сэрцах і ў нашых справах!

Падрыхтавала
Святлана СОБАЛЕВА, фота з архіваў устаноў адукацыі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о