Новыя стандарты бяспекі

0
27

Новыя стандарты бяспекіЗ 1 ліпеня ў банкахБеларусі пачнуць дзейнічаць новыя стандарты фінансавых паслуг. Іх галоўная мэта – абараніць кліентаў і іх зберажэнні ад ашуканцаў.
За тлумачэннем навацыі мы звярнуліся да дырэктара ЦБП № 320 ААТ “ААБ Беларусбанк” Галіны АСТАПОВІЧ.

Галоўная навацыя фінансавых паслуг заключаецца ў тым, што банкі пачнуць збіраць дадзеныя аб гаджэтах, з якіх кліенты заходзяць у анлайн-банк, і ствараць “лічбавы адбітак прылады”. Сюды ўвойдзе і інфармацыя аб месцазнаходжанні (геалакацыя) – яна будзе фіксавацца пры кожным уваходзе ў сістэму.

Многія кліенты ў сувязі з гэтым задаюць два галоўныя пытанні: ці не патрапяць іх дадзеныя да старонніх, а таксама, ці не заблакуюць доступ да анлайн‑банка, калі чалавек выедзе за мяжу.

Як пазначыла падчас сустрэчы суразмоўца, інфармацыя аб месцазнаходжанні кліента захоўваецца ў зашыфраваным выглядзе. Банк не перадае яе нікому, акрамя аднаго выпадку: калі сістэма западозрыць махлярства. У такой сітуацыі “лічбавы адбітак” (уключаючы геалакацыю) перададуць у Нацыянальны банк. Так змагаюцца з кіберзлачынцамі.

– Па сутнасці, мы ўжо прывыклі дзяліцца геалакацыяй. Напрыклад, калі выклікаем таксі або заказваем ежу. Цяпер гэты механізм дапаможа абараніць вашыя грошы, – дадала Галіна Іванаўна.

Што да доступу з-за мяжы, то і тут дзейнічае звычайная схема: калі вы карысталіся анлайн‑банкам у Беларусі, а потым выехалі па-за межы краіны, вы зможаце заходзіць у дадатак з той жа прылады. Сістэма проста абновіць дадзеныя аб месцазнаходжанні ў “лічбавым адбітку”. Ніякіх абмежаванняў не будзе.

На пытанне як новыя стандарты фінансавых паслуг абароняць кліентаў банка ад ашуканцаў, дырэктар пазначыла:

– Уявіце сітуацыю: вы звычайна заходзіце ў анлайн‑банк з Петрыкава са свайго тэлефона і раптам нехта спрабуе ўвайсці ў ваш рахунак з іншай прылады – напрыклад, з іншай краіны. Сістэма заўважыць неадпаведнасць і аўтаматычна заблакіруе доступ. Так вашыя грошы будуць пад надзейнай абаронай.

Для пераходу на новыя стандарты фінансавых паслуг ніякіх дадатковых дзеянняў кліентам праводзіць не трэба. Пры першым уваходзе ў анлайн-банк сістэма сама прапануе даць неабходныя дазволы – вам трэба будзе проста прытрымлівацца інструкцый на экране.

Важны момант: калі вы па нейкай прычыне не хочаце падаваць дадзеныя аб сваёй прыладзе, вы па-ранейшаму зможаце карыстацца ўсімі банкаўскімі паслугамі, але толькі не праз анлайн-сэрвісы (мабільны дадатак або інтэрнэт-банк).

– Будзьце пільныя і давярайце надзейнай абароне вашага банка, – пазначыла ў завяршэнне размовы Галіна Астаповіч.

Запісала
Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о