У сельгаспрадпрыемствах адны віды работ змяняюць другія і гэты працэс ідзе несупынна – своеасаблівы аграрны “канвеер”.

Сяўба яравых культур завершана, і гаспадаркі Петрыкаўшчыны прыступілі да пакосу і нарыхтоўкі зялёных кармоў. БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” – у ліку першых. Стаўку ў “зялёнай” кармавой базе прадпрыемства робіць на шматгадовыя травы. Выкарыстоўваюцца расліны, якія даюць добры прырост зялёнай масы і каштоўныя па харчовым якасцям: люцэрна, канюшына, цімафееўка, яжа. Дарэчы, апошняя расліна лічыцца адной з лепшых кармавых траў. Вядома, што “малако ў каровы на языку”, ды і мясных прывагаў гэта прымаўка датычыцца. У гаспадарцы ёсць пэўная частка пойменных лугоў, але асноўная нарыхтоўчая база – трава на палетках. Пад пасевамі травяных культур знаходзяцца больш за 2 тысячы гектараў, што дазваляе цалкам забяспечыць прадпрыемства зялёнымі кармамі.
На полі каля пасёлка Івашкавічы, у час прыезду карэспандэнтаў «ПН» скошаная трава падвяльвалася ў валках згодна тэхналогіі нарыхтоўкі масы на сянаж. Дырэктар, Сяргей Ракіцкі, па прыездзе на поле адразу правярае гатоўнасць “зялёнага” ўраджаю: як кажуць, давярай, але правярай! Сельская гаспадарка – галіна, якая не церпіць абыякавасці, таму кіраўнік павінен валодаць асновамі ўсіх працэсаў. Механізатары прыступаюць да падборкі валкоў і адвозкі масы. На гэтым полі задзейнічана пяць адзінак тэхнікі – адна на падборцы і чатыры на адвозцы. Вопытныя кіроўцы Мікалай Лукша, Дзмітрый Качэля, Віталій Кананчук і Дзмітрый Ганчар працуюць зладжана, прастояў не дапускаюць – нарыхтоўка кармоў напрамую залежыць ад надвор’я, таму прамаруджванне можа дорага каштаваць.
Надзейная, правераная тэхніка і руплівыя вопытныя рукі – вось сакрэт поспеху ў аграрным сектары. Прыемна адзначыць, што на полі ў большасці ўвіхаецца тэхніка беларускай вытворчасці. І гэта рэаліі нашых палескіх палеткаў, калі айчынная тэхніка запатрабавана на сельгаспрадпрыемствах.

Нарыхтоўка зялёных кармоў За “штурвалам” МТЗ 82.1 працуе малады механізатар Станіслаў Белька (на фота). Хлопец скончыў Калінкавіцкі аграрна-тэхнічны каледж і адразу пайшоў працаваць у БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”. Затым служба ў войску ў якасці тэхніка-вадзіцеля. У 2024 годзе, адслужыўшы, вярнуўся ў родную гаспадарку і не пашкадаваў.
– Хлопец надзейны і адказны, працуе сумленна, – адзначае кіраўнік гаспадаркі Сяргей Ракіцкі. – Механізатар, нягледзячы на невялікі стаж, добра спраўляецца з рознымі відамі сельскагаспадарчых работ: падвозка зялёнай масы і насення, прэсаванне саломы, падкормка кукурузы і іншыя віды сельскагападарчых работ, дзе запатрабавана тэхніка.
– Мой МТЗ – універсальны трактар, які можа выконваць розныя віды работ, таму працую там, дзе гаспадарцы патрэбны працоўныя рукі. На падвозцы зялёнай масы зараз задзейнічана чатыры адзінкі тэхнікі, што дазваляе зрабіць работу хутка без прамаруджвання. Мы, механізатары, разумеем, што пакуль надвор’е добрае трэба “паднаціснуць”, каб захаваць кармы, – дзеліцца Станіслаў. – У гаспадарцы працаваць падабаецца: дружны калектыў, добры заробак, сацыяльны пакет – мяне ўсё задавальняе.
Поле БК-АГРА ААТ “Чалюш-чавічы”, якое мы наведалі, – адно з тых, на якім гаспадарка закладвае сваю будучую кармавую стабільнасць, а разам з ёю і наяўнасць смачных і якасных прадуктаў на нашым стале.
Пажадаем аграрыям добрай працы і спрыяльнага надвор’я.

Надзея СІГАЙ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о