На працягу ўсяго часу супрацоўнікі ТЦСАН нязменна прыходзілі на дапамогу тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, меў патрэбу ў доглядзе, увазе, добрым слове і проста чалавечым удзеле. Сёння ТЦСАН – гэта каманда прафесіяналаў, якая робіць усё магчымае, каб кожны чалавек адчуваў сябе не адзінокім, ведаў: побач – надзейнае плячо.
17 красавіка ў зале раённага Дома культуры гучалі словы, напоўненыя цяплом, пяшчотай, дабрынёй і шчырасцю.
Дырэктар Петрыкаўскага ТЦСАН Крысціна Аляксандрава з радасцю і гонарам сустракала гасцей. Пад яе кіраўніцтвам Цэнтр не толькі захоўвае найлепшыя традыцыі, але і ўпэўнена ідзе ў нагу з часам.
Работнікаў Цэнтра павіншавалі намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандра Янчанкава, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама На-дзея Цупа, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама, намеснік старшыні раённага аддзялення партыі “Белая Русь” Мікалай Семяніцкі. Таксама Петрыкаўшчыну наведалі кіраўнікі Цэнтраў з суседніх раёнаў. З віншавальнай прамовай выступілі калегі-кіраўнікі “Капцэвіцкага сацыяльнага пансіяната “Палескія сосны” Мікалай Жыткавец і “Капаткевіцкага сацыяльнага пансіяната “Палессе” Людміла Гошка.
На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый: старшыня Петрыкаўскай РГА “Белая Русь” Святлана Блінец і намеснік старшыні РГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Усціновіч-Насека, якія павіншавалі прысутных са значнай падзеяй.
Кожны выступоўца з вялікай цеплынёй гаварыў пра юбіляраў, дзякаваў за самаадданую працу, увагу да кожнага чалавека, чуласць і высокі прафесіяналізм.

Чвэрць стагоддзя клопату пра людзей На ўрачыстасці з нагоды юбілейнай даты да віншаванняў далучылася Галіна Сухоцкая, першы кіраўнік Цэнтра, чалавек які стаяў у яго вытокаў. Неабходна адзначыць, што ўзначальвала Галіна Сухоцкая 23 гады.
Кіраўніцтва і супрацоўнікі ўстановы былі ўдастоены дыпломамі, падзякамі і падарункамі. За кожным дасягненнем сферы сацыяльнай абароны насельніцтва стаяць людзі, якія заўсёды гатовы аказаць дапамогу сваім падапечным. Юбілей стаў нагодай для падвядзення вынікаў, уручэння ўзнагарод. На ўрачыстым мерапрыемстве ўшанавалі лепшых работнікаў, адзначыўшы іх прафесіяналізм, чуласць і неабыякавасць. Падзякай Петрыкаўскага ТЦСАН былі адзначаны спонсары: Паліна Бельская, дырэктар прадстаўніцтва Беларускага рэспубліканскага унітарнага страхавога прадпрыемства «Белдзяржстрах» па Петрыкаўскім раёне, Віктар Капыловіч, дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Экагрынпрам”, Анатолій Піскун, дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Аланторг”.
Азіраючыся на пройдзены 25-гадовы шлях, з падзякай і павагай кіраўнік Цэнтра Крысціна Аляксандрава назвала тых, хто рабіў першыя крокі на шляху станаўлення сістэмы сацыяльнай службы Петрыкаўскага раёна. Пад апладысменты залы ветэранам працы былі ўручаны кветкі і падарункі.
Ад усёй душы гучалі ў адрас работнікаў Цэнтра музычныя падарункі, падрыхтаваныя работнікамі культуры, а таксама наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян “залатога” ўзросту.
Няхай ваша добрая справа працягваецца, а сэрцы тых, каму вы дапамагаеце, напаўняюцца цяплом і радасцю! Жадаем вам моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, новых поспехаў і далейшага развіцця!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о