У калідорах роднай гімназіі яе да гэтага часу памятаюць як Арыну – адказную вучаніцу, чыя стараннасць і талент адзначаны залатым медалём. Але сёлета выпускніца вярнулася ў класныя кабінеты ўжо ў новым статусе. Цяпер да яе звяртаюцца Арына Аляксандраўна, бо яна – малады спецыяліст, настаўнік англійскай мовы, дыпламаваны выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Для раённай адукацыі гэта падзея – не проста паспяховае вяртанне кадраў, а прыгожая гісторыя пераемнасці пакаленняў. Філалагічны компас Арыны быў настроены з самага дзяцінства, бо яе бабуля – вядомы ў педагагічных колах Петрыкаўшчыны чалавек, метадыст па рускай, беларускай і замежных мовах раённага вучэбна-метадычнага кабінета.
Якія яны, першыя крокі ў прафесіі? Пра гэта і не толькі – у нашым матэрыяле.
– Вы скончылі гімназію з залатым медалём. З такімі баламі перад вамі былі адчынены дзверы сталічных ВНУ. Чаму выбар паў на Гродзенскі ўніверсітэт і менавіта на педагогіку?
– Гродна – каралеўскі горад з неверагоднай культурай, і ўніверсітэт там наймацнейшы. А педагогіка… Я з дзяцінства любіла англійскую мову, дзякуй маім настаўнікам. Мне хацелася не проста яе ведаць, а запальваць гэтую цікавасць у іншых.
– Арына, я ведаю, што ваша сям’я цесна звязана са словам і педагогікай. Ваша бабуля шмат гадоў дапамагае настаўнікам удасканальваць выкладанне рускай, беларускай і замежных моў. Ці можна сказаць, што ваш выбар прафесіі быў наканаваны генетычна?
– У нашай сям’і культ мовы і кнігі быў заўсёды! Бабуля ніводнае няправільна вымаўленае слова не пакідала без увагі – папраўляла, тлумачыла. Чытаць я навучылася вельмі рана і яшчэ ў дзіцячым садку чытала дзецям са свай групы казкі. Насамрэч, мець такога хатняга цэнзара і настаўніка – велізарнае шчасце, а цяпер яшчэ і адказнасць: не падвесці, не расчараваць, адпавядаць таму ўзроўню, які ў прафесіі задала мая бабуля. Я з дзяцінства бачыла, з якой павагай яна ставіцца да настаўніцкай працы, і гэтая павага перадалася мне.
– Ці былі думкі застацца ў вялікім горадзе пасля дыплома? Чаму вырашылі вярнуцца на Петрыкаўшчыну?
– Тут усё роднае, знаёмае, утульнае. Да таго ж, хто, калі не мы? Раённым школам таксама патрэбны маладыя, зараджаныя настаўнікі з новымі методыкамі. Я хачу, каб нашы гімназісты ведалі англійскую мову не горш за сталічных вучняў. Да ўсяго іншага, я вучылася па мэтавым накіраванні і практыку праходзіла ў роднай гімназіі – гэта таксама мой свядомы выбар. Дома, як гавораць, і сцены дапамагаць. Не тое, што я баюся – не, але адчуваць падтрымку і веру ў сябе вельмі прыемна.
– Як сустрэлі вас былыя настаўнікі, цяперашнія калегі?
– Вельмі цёпла. Я ўдзячна адміністрацыі за падтрымку і карысныя парады. Пакуль заробленая за гады вучобы і перыяд практыкі рэпутацыя працуе на мяне, але ў бліжэйшы час пастараюся даказаць, што і настаўнікам я буду добрым.
Ужо ведаю сваю вучэбную нагрузку: гэта паралель 3-іх класаў – рабяты толькі пачынаюць вывучаць замежную мову, і 9-ых – яны знаёмыя мне па практыцы.
– Да першага званка застаюцца лічаныя дні. Раскажыце, як праходзіць падрыхтоўка да сустрэчы з вучнямі? Чым запоўнены вашы першыя працоўныя дні?
– О, зараз ідзе вялізная нябачная работа! Чытаю нарматыўныя дакументы, інструктыўна-метадычныя пісьмы Міністэрства адукацыі і вывучаю ўсе новыя патрабаванні да ўрокаў англійскай мовы. Пішу свае першыя планы-канспекты. Хочацца, каб кожны ўрок быў ідэальным, інтэрактыўным, каб рабятам было цікава. Набываю яркую нагляднасць, карткі, прадумваю аўдыёматэрыялы. Унутры зараз – неверагодны мікс з велізарнай адказнасці і творчага пошуку.
– Які настрой пераважае – страх перад невядомасцю ці жаданне хутчэй пачуць званок і сказаць класу: “Good morning, children!”?
– Вядома, хваляванне ёсць, недарэчна гэта адмаўляць. Адна справа – адказваць на парах ва ўніверсітэце, і зусім іншае – калі на цябе глядзяць дзесяць пар вачэй, чакаючы цуду. Але гэтае хваляванне прыемнае, як прадчуванне нечага добрага, светлага. Я ўвесь час пракручваю ў галаве свой першы ўрок, прывітанне. Вельмі хочацца, каб першая сустрэча і знаёмства атрымаліся цёплымі.
Размаўляючы з Арынай Аляксандраўнай, лаўлю сябе на дзіўным пачуцці захаплення і гонару: гэтая далікатная дзяўчына з залатым медалём і моцным гродзенскім дыпломам выбрала самы дакладны арыенцір – цеплыню роднага дома. Упэўнена, 1 верасня ў класы ўвойдзе не проста настаўнік, а чалавек з палаючым сэрцам, які абавязкова навучыць нашых дзяцей гаварыць са светам на адной мове.
У добры шлях, Арына Аляксандраўна!
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.






Оставить комментарий