Лесаводы Петрыкаўшчыны зноў пацвердзілі свой высокі прафесіяналізм на ўзроўні краіны. Па выніках работы за 2025 год Петрыкаўскі лясгас прызнаны пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу ў намінацыі “Лепшая арганізацыя работы па лесааднаўленні”.
Гэта прызнанне – вынік складанага цыклу, які пачынаецца з малюсенькага семечка і заканчваецца стройнымі шэрагамі маладых соснаў і дубоў, перакананы дырэктар Петрыкаўскага лясгаса Іван Торчык.
Падмурак у маленькай семечцы
– Шлях да звання лепшага пачынаецца на лесанасеннай плантацыі. Збор шышак – працэс працаёмкі і адказны. Гэта не проста нарыхтоўка сыравіны, а адбор найлепшага генетычнага матэрыялу. Уласныя шышкі – гэта гарантыя таго, што будучае дрэва будзе адаптавана менавіта да нашых глеб і клімату, – падзяліўся Іван Мікалаевіч.
Па інфармацыі дырэктара лясгаса, у 2025 годзе нарыхтавана 15,7 тон лесанасеннай сыравіны (шышак). Нарыхтаваныя шышкі перадаюцца ў “Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр” для далейшай перапрацоўкі.
– Атрыманае насенне захоўваецца ў халадзільных камерах цэнтра, што дазваляе ствараць іх запас на наступныя гады. Усяго ў РЛСНЦ захоўваецца 860 кілаграмаў насення хвоі, якія належаць нашаму лясгасу. Пры тым, што гадавая патрэба ў насенні складае 191 кілаграм, – распавёў наш суразмоўца і дадаў: – Далей эстафету прымае лясны гадавальнік, у якім на сённяшні дзень 7 цяпліц. Тут праца не спыняецца ні на дзень. Агульная плошча гадавальніка – 5,7 гектараў, на якіх вырошчваецца 8 асноўных лесаўтваральных парод. Усяго ў 2025 годзе вырашчана 3,4 мільёна адзінак пасадачнага матэрыялу.
У мінулым годзе, па інфармацыі кіраўніка лесагаспадарчай установы, у гадавальніку лясгаса вырашчана 461 тысяча штук пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, у тым ліку хвоі – 271 тысяча адзінак, дуба – 191 тысяча. Наяўнасць уласнага пасадачнага матэрыялу, упэўнены Іван Мікалаевіч, дазваляе прадпрыемству быць поўнасцю аўтаномным і гарантаваць высокую прыжывальнасць лясных культур. Калі лясгас працуе на сваім “зялёным капітале”, гэта заўсёды дае якасны вынік.
Дадаткова на гадавальніку вя-дзецца работа па вырошчванні розных відаў дэкаратыўных раслін.
Агульная справа: ад школьніка да ветэрана
Лесааднаўленне ў Петрыкаўскім раёне даўно перастала быць толькі прафесійнай задачай лесаводаў. Гэта сапраўдная народная місія.
Штогод да кампаній па пасадцы лесу далучаюцца ўсе: ад школьнікаў і моладзі да работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Неабыякавыя грамадзяне раёна выходзяць на дзялянкі, каб пакінуць свой след на зямлі. Такая згуртаванасць ператварае звычайную пасадку ў сімвал пераемнасці пакаленняў. Калі чалавек сам пасадзіў дрэва, ён ужо ніколі не прыйдзе ў лес з сякерай ці запалкай.
– Для стварэння лясных культур на вычышчаных высечках з невялікай колькасцю пнёў, на былых землях сельскагаспадарчага карыстання і прагалах у лясгасе дадаткова практыкуецца механізаваная пасадка, з ужываннем лесапасадачнай машыны.
Пры стварэнні лясных культур такім метадам выкарыстоўваецца двухгадовы пасадачны матэрыял хвоі звычайнай. Істотнай перавагай дадзенага метаду з’яўляецца яго высокая прадукцыйнасць, а таксама адносна невялікія выдаткі. Усяго ў 2025 годзе з прымяненнем лесапасадачнай машыны створана 24,1 гектара лясных культур, – распавёў у час сустрэчы Іван Торчык.
Маштаб – раён, мэта – рэспубліка
– Важнасць працы Петрыкаўскага лясгаса выходзіць далёка за межы раёна. У маштабах Беларусі, дзе лясістасць з’яўляецца прадметам нацыянальнага гонару, наш унёсак неацэнны. Агульны аб’ём лесааднаўлення і лесаразвя-дзення – 535,9 гектараў, створана лясных культур – 367,8 гектараў (з іх 190 – селекцыйныя). Дапаўненне лясных культур выканана на плошчы 1347,3 гектараў.
Догляды лясных культур праве-дзены на плошчы 2124,3 гектараў, у тым ліку з выкарыстаннем агрэгата, без уліку хмызняку – 749,5 гектараў, удзельная вага механізаваных доглядаў склала 37,6%.
Уведзена ў катэгорыю каштоўных насаджэнняў 850,2 гектараў, з іх лясных культур 753,8 гектара (84,8% ад тых, што падлягаюць абследаванню). Прыжывальнасць лясных культур першага года – 83,5%; трэцяга года – 72,4%, – не без гонару падзяліўся вынікамі работы Іван Мікалаевіч.
Перамога ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе – гэта заслуга кожнага работніка лясгаса і кожнага жыхара раёна, хто хоць раз трымаў у руках меч Колесава, перакананы наш суразмоўца.
– Петрыкаўскі лясгас даказаў: мы не проста карыстаемся дарамі прыроды, мы вяртаем іх сто разоў.Малюсенькія саджанцы праз дзесяцігоддзі стануць магутным лесам, які скажа “дзякуй” тым, хто сёння працуе дзеля зялёнай будучыні нашай Радзімы. Для нашага раёна лес – гэта не проста прыродны рэсурс або радок у эканамічнай справаздачы, гэта жывы арганізм, спадчына продкаў і фундамент будучыні, – пазначыў у завяршэнне размовы дырэктар лясгаса Іван Торчык.
Галіна КАЗАК,фота аўтара.






Оставить комментарий