Як з соцень розных справаздач і дзясяткаў тысяч лічбавых дадзеных зрабіць выснову аб шматлікіх масавых з’явах у эканамічнай і сацыяльнай сферах ведаюць супрацоўнікі органаў дзяржаўнай статыстыкі.
23 жніўня яны адзначаць сваё прафесійнае свята.

Наша гераіня – намеснік начальніка аддзела статыстыкі Петрыкаўскага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці Ніна Яцко.
Ніна Дзмітрыеўна нарадзілася ў вёсцы Людзвіноў. Скончыла Курыціцкую сярэднюю школу. У 10-м класе з сяброўкай натрапілі ў газеце на аб’яву, што Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В.У.Куйбышава прапануе вучням выпускных класаў займацца на завочных курсах. Дзяўчаты загарэліся гэтай ідэяй, тым больш, што напрамак “эканоміка гандлю” ў сярэдзіне 80-х гадоў быў вельмі прэстыжным. Пачалі займацца, выконваць заданні, дасылаць іх у інстытут. Летам разам паехалі паступаць. Ніна паспяхова вытрымала ўсе іспыты і была залічана ў інстытут, хаця конкурс быў даволі вялікі.
– Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць настаўнікам Курыціцкай сярэдняй школы. Гэта людзі з вялікай літары, якія ўсё сваё сэрца прысвячалі нам, вучням. Менавіта яны далі асноўныя веды, навучылі дабівацца сваёй мэты.
У 1990 годзе дзяўчына скончыла факультэт “Эканоміка гандлю” па спецыяльнасці “Эканаміст”. Размеркавалася ў горад Барысаў у гархарчгандль: спачатку працавала намеснікам загадчыка секцыі, потым стала загадчыкам харчовай крамы. У 1999 годзе гераіня па сямейных абставінах вярнулася на Петрыкаўшчыну, пайшла працаваць эканамістам Петрыкаўскага райфінаддзела, затым – бухгалтарам раённага спажывецкага таварыства.
У 2005 годзе Ніна Дзмітрыеўна прыйшла працаваць у аддзел статыстыкі Петрыкаўскага раена эканамістам. Камп’ютарызацыя рабіла толькі першыя крокі, усе справаздачы атрымлівалі на папяровых носьбітах. Іх патрэбна было пераправерыць, выправіць памылкі, унесці дадзеныя ў камп’ютар. Работа была новая, незнаёмая, вучыцца даводзілася адразу на працоўным месцы. Але калектыў быў дружны, кожны быў гатовы падказаць, прыйсці на дапамогу, таму Ніна Дзмітрыеўна хутка асвоіла свае абавязкі. З лістапада 2015 года Ніна Яцко займае пасаду намесніка начальніка. З 2018 года па 2020 год была начальнікам аддзела статыстыкі.
– Статыстыка – вельмі цікавая галіна. Яна збірае і аналізуе дадзеныя аб насельніцтве, эканоміцы розных галін народнай гаспадаркі. Афіцыйная статыстычная інфармацыя адыгрывае ключавую ролю ў прыняцці органамі ўлады кіраўніцкіх рашэнняў па развіцці эканомікі, сацыяльнай сферы і бізнесу, – адзначыла намеснік начальніка. – Зразумела, што з 2005 года многае змянілася: праграмнае забеспячэнне “Электронны рэспандэнт анлайн” дазваляе прадстаўляць статыстычную справаздачнасць у электронным выглядзе ў рэжыме анлайн з любога камп’ютара, падключанага да сеткі Інтэрнэт. Гэта спрасціла работу і дазволіла адыйсці ад папяровай справаздачнасці. Але, па-ранейшаму для работнікаў статыстыкі з’яўляюцца важнымі такія якасці як уважлівасць, дакладнасць, уменне абагульняць і аналізаваць.
У дзень прафесійнага свята сардэчна віншую работнікаў і ветэранаў дзяржаўнай статыстыкі.
Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, аптымізму і дабрабыту, новых поспехаў і дасягненняў, мірнага неба над галавой.

Надзея СІГАЙ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о