З добрым настроем сустракае прафесійнае свята аператар машыннага даення СУП “Палессе-Аграінвест” Людміла Вяргей.
Россып заслужаных узнагарод сабрала Людміла Віктараўна напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.
Так, у складзе дэлегацыі ад Гомельскай вобласці наша гераіня прыняла ўдзел у ІV Рэспубліканскім Форуме працаўніц сяла, што прайшоў днямі ў Мінску. Па выніках раённых спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў у сельскагаспадарчай вытворчасці за 2025 год у намінацыі “Галіна жывёлагадоўлі. Аператары машыннага даення” жанчына заняла пачэснае 3 месца і была ўзнагароджана Ганаровай граматай і грашовай прэміяй ад раённага выканаўчана камітэта.
– У сельскай гаспадарцы я без малога 15 гадоў. Адразу са школьнай парты пайшла даіць кароў. Быў 8-гадовы перапынак – працавала ў кафэ “Папараць-кветка” райспажыўтаварыства, аднак вярнулася, бо ў гаспадарцы і заробак большы, і знаёма ўсё з дзяцінства. І не шкадую пра сваё рашэнне. З маленства прызвычаілася я да працы на ферме і цяпер дакладна ведаю, што гэта маё.
Мая бабуля была даяркай і кожныя канікулы я прыязджала да яе не толькі гасцяваць, але і дапамагаць. Не паверыце, аднак з 14 гадоў я афіцыйна працаўладкоўвалася на летні перыяд на ферму: у райвыканкаме бралі дазвол і я падмяняла працоўныя водпускі.
Ды хіба ж параўнаеш цяперашнюю дойку і колішнюю. Тады амаль што ўсё даводзілася рабіць уручную, але нічога, спраўлялася, хоць і цяжка было, і рукі балелі. Аднак і тады, і цяпер мне найбольш падабаецца працаваць на раздоі нецялей, – падзялілася фактамі ўласнай біяграфіі наша суразмоўца.
На пытанне, ці ёсць любімыя рагулі, з усмешкай адказала, што ўсіх любіць аднолькава і за час работы беспамылкова навучылася адчуваць жывёлу. За ўважлівае стаўленне каровы дзякуюць жанчыне малаком. У секцыі, якую даглядае наша гераіня разам са сваімі напарніцамі, 180 галоў.
Клопатаў у аператара машыннага даення хапае, але жанчына не наракае на цяжкасці. Ферма і кароўкі – гэта справа яе жыцця. Нягледзячы на цяжкасці, любіць сваю работу. Як ранішняя, так і вячэрняя дойкі займаюць па чатыры – пяць гадзін. Падаіць кароў, напаіць цялятак, вымыць посуд, прыбраць рабочае месца, раздаць камбікармы. Адпачываць няма калі. Нават у паўнацэнны водпуск сабе хадзіць не дазваляе – нікому не давярае сваіх любімых гадаванцаў. І жывёла аддзячвае гаспадыні высокімі надоямі. Так, за 10 месяцаў бягучага года валавы надой малака ў фізічнай вазе склаў 500,39 тоны, надой малака на 1 карову – 7469 кілаграм. Выраблена малака гатункам “экстра” і вышэйшым гатункам – 99,95%.
– Здзіўляецеся, як усё паспяваю? Прывыкла. Трэба дзень абавязкова планаваць, – заўважае гаспадыня. – Уся мая жыццёвая дарога працай вымашчана: усюды бягом ды бягом. А з іншага боку, я ж не адна так працую. Мне здаецца, у вёсцы ўсе так жывуць.
Трэба працаваць старанна, тады і толк будзе, – упэўнена жанчына. Даярка павінна быць уважлівай. Толькі назіральнасць дапаможа не прапусціць момант, калі карова прыйшла ў ахвоту, каб яе своечасова асемяніць. Іншы раз і хварэе жывёла. Важна таксама заўважыць гэта, каб тэрмінова звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў ветэрынарнай службы.
“Я працую дзеля свайго сумлення, адказна. Дрэнна для сябе не будзеш працаваць. Калі адчуваеш ад зробленага задавальненне, тады і поспехі ёсць”.
Добрасумленная, руплівая, стараннная – так выказалася пра аператара машыннага даення МТФ “Вышалаў” кіраўнік сельгаспрадпрыемства Алена Асадчая. А яшчэ дадала, што на такіх, як Людміла Віктараўна і трымаецца сельская гаспадарка.
Як часта мы чуем пра заканамернасць: “Калі ў сям’і гармонія, тады і на рабоце поспехі”. Гэта выказванне ў поўнай меры адпавядае нашай гераіні. Муж Дзмітрый таксама працуе ў СУП “Палессе-Аграінвест” і таксама значыцца ў перадавіках гаспадаркі. Сёлета на адвозцы зерневых культур ён стаў тысячнікам. Старэйшы сын – аграном, нявестка – лабарант. Вось такая сямейная дынастыя.
Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла сям’і дом у Галубіцы. Дружна займаюцца рамонтам і мараць пра пераезд. Асабліва малодшы сын-васьмікласнік, які наведвае мясцовую школу.
Людміла Віктараўна ганарыцца сваімі дасягненнямі. Удзячна кіраўніцтву гаспадаркі і раёна за магчымасць атрымаць іх.
– Прыемна і важна, што ў нашай дзяржаве так высока цэняць працу работнікаў сельскай гаспадаркі, бо яна ж вельмі цяжкая. Але асабіста я без яе не магу, – рэзюмавала жанчына.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.








Оставить комментарий