У Мінску адбылася знакавая падзея для актыўнай моладзі Беларусі – фінал юбілейнага 10-га набору лідарскай платформы “Каманда будучыні”. Сярод энергічных і ініцыятыўных юнакоў і дзяўчат з усёй краіны – члены Маладзёжнага савета пры Петрыкаўскім раённым Савеце дэпутатаў.
Рэспубліканскі дом моладзі сабраў больш за 300 актывістаў з усёй Беларусі. Праграма дня была насычанай і ўрачыстай. Упершыню прагучаў Гімн Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі, які стаў сімвалам яднання маладых лідараў краіны. Менавіта з гэтай натхняльнай прэм’еры пачаўся маштабны форум і адкрыты дыялог са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай.
Спікер падзялілася з моладдзю бачаннем таго, як нараджаюцца сапраўдныя кіраўнікі:
– Малады чалавек не заўсёды разумее, ці ёсць у яго задаткі лідара. Але калі ты па сваёй натуры добры чалавек, умееш любіць людзей, то стаць лідарам можна. Праект “Каманда будучыні” – гэта ваша дапамога, магчымасць раскрыць сябе. А грамадскай работай трэба займацца па клічы сэрца, – адзначыла Наталля Іванаўна.
У ліку пытанняў і ініцыятыў, з якімі моладзь звярнулася да спікера, былі прапановы ўвесці на прадпрыемствах спецыяльную пасаду памочніка для адаптацыі маладых спецыялістаў; далучаць моладзь (блогераў і студэнтаў) да інфармацыйнай работы дзяржорганаў, каб “перакладаць” складаныя законы і рэгіянальныя навіны ў кароткія відэафарматы (Reels, TikTok).
Радасным момантам для моладзі Петрыкаўшчыны стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў штогадовага конкурсу “Імпульс моладзі”. Старшыні Маладзёжнага савета пры Петрыкаўскім раённым Савеце дэпутатаў Марыі Тамко, быў уручаны сертыфікат удзельніка на лепшую арганізацыю дзейнасці маладзёжных кансультатыўна-дарадчых органаў пры мясцовых саветах (на фота).
– Рэспубліканскі дом моладзі стаў пляцоўкай для адкрытага дыялогу з Наталляй Іванаўнай Качанавай. Сустрэча прайшла ў атмасферы шчырасці, уважлівага стаўлення да пытанняў моладзі. Для нас удзел у такім мерапрыемстве – гэта магчымасць глыбей зразумець прыярытэты дзяржаўнай палітыкі, пачуць кампетэнтныя адказы. Пасля дыялогу засталіся станоўчыя ўражанні. Шчыра ўдзячныя за магчымасць стаць часткай такой важнай падзеі, – адзначылі члены Маладзёжнага савета Петрыкаўшчыны.
Маладыя лідары пакідалі мерапрыемства з новымі ведамі, натхненнем і цвёрдым намерам уносіць свой уклад у развіццё краіны.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.








Оставить комментарий