Ключ да здароўя і прадукцыйнасці жывёлы

0
123

Сельская гаспадарка – складаны арганізм, дзе кожны элемент адыгрывае сваю ролю. У жывёлагадоўлі, нароўні з нарыхтоўкай якасных кармоў, не менш важным з’яўляецца іх правільная і своечасовая раздача.

Ключ да здароўя і прадукцыйнасці жывёлыНа першы погляд, такая задача можа здацца простай, але гэта памылковае меркаванне. Сучасныя гаспадаркі, імкнучыся да максімальнай прадуктыўнасці, выводзяць працэс кормараздачы на зусім новы, тэхналагічны ўзровень.
Каб зразумець усю складанасць і адказнасць працы, карэспандэнты “ПН” наведалі ТФ “Макарычы” СУП “Палессе-Аграінвест”. Трактарыст-машыніст Генадзій Рута (на фота), у пачатку сустрэчы адзначыў:

– Хочаце ўбачыць увесь працэс падрыхтоўкі і развозкі кармоў? Тады ў горад не спяшайцеся. Каб правільна ўсё выканаць, справа патрабуе часу.

Як аказалася закладка неабходных кампанентаў у змяшальнік кормараздадчыка справа не аднаго чалавека. Важную ролю у гэтым працэсе бярэ на сябе кіроўца пагрузчыка, які з дакладнасцю і ўвагай, прывозіць і выгружае ў бункер па чарзе неабходныя нарыхтоўкі. У час нашага візіту мы ўбачылі, як у кормараздатчык паступаюць камбікорм, плюшчаннае зерне, два віды сенажу, кукурузны сілас.

– Кожны з гэтых кампанентаў мае сваё прызначэнне ў збалансаваным рацыёне, які распрацоўваецца спецыялістам гаспадаркі для забеспячэння аптымальнага росту і прадукцыйнасці жывёлы, – дзеліцца Генадзій Іванавіч.

Калі бункер кормараздадчыка запоўнены, механізатар чакае, пакуль усе кампаненты добра перамяшаюцца і ўтворыцца збалансаваная кармавая маса. Гэта дала нам магчымасць пагутарыць з мужчынай.

– Склад корму не з’яўляецца абавязковым для ўсяго пагалоўя, ён можа мяняцца ў залежнасці ад узросту жывёлы, неабходных прафілактык. Напрыклад маладыя цяляты маюць іншыя патрабаванні да харчавання, чым дарослыя жывёлы. На кожную ўзроставую групу ў адпаведнасці з жывой масай штомесяц галоўнымі заатэхнікамі распрацоўваюцца рацыёны кармлення, згодна з вынікамі аналізаў па якасных паказчыках кармоў, – знаёміць нас са справай механізатар. – Меню для жывёлы складаецца ў электронным выглядзе і ўносіцца ў камп’ютарную праграму, якая з’яўляецца свайго роду цэнтрам кіравання харчаваннем. Ёю кіруюцца ў працы заатэхнік, брыгадзір, кладаўшчык, я і мае калегі, тыя хто загружае і развозіць кармы. Самі разумееце – усё гэта забяспечвае кантроль над працэсам, гісторыяй кармлення кожнай групы жывёл, што важна для аналізу прыросту.

Генадзій Рута – чалавек, яківедае сваю справу да дробязяў. Мужчына падзяліўся, што яго гадавы працоўны графік звязаны з сельскагаспадарчым цыклам. Калі прыходзіць час пасяўной і ўборачнай, наш герой садзіцца за камбайн. Аднак, як падкрэслівае мужчына, у міжсезонне яго праца на фермах таксама важная.

– На таварнай ферме ўтрымліваецца амаль дзве з паловай тысячы галоў жывёлы. Каб забяспечыць іх неабходным рацыёнам, патрабуецца значная колькасць часу і намаганняў. Для кармленняў пагалоўя неабходна зрабіць 18 замесаў у суткі, кожны каля чатырох тон, – працягвае суразмоўца. – У гаспадарцы для гэтага ўсяго хапае. На ферме прымяняюцца сучасныя тэхналогіі і стандарты захоўвання, якія дазваляюць захаваць пажыўныя ўласцівасці кармоў, прадухіліць іх псаванне і забруджванне.
Пры размове адчуваецца, што мужчына хварэе за сваю справу. А як іначай? Гаспадарцы ён прысвяціў каля сарака гадоў – прыйшоў сюды адразу пасля школы, атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне.

Праз пэўны час корм у бункеры гатовы да раздачы. Генадзій Іванавіч на сваім Беларусу адпраўляецца да рагатых гадаванцаў. Заглядваем у адзін з хлявоў, дзе па меры руху тэхнікі і аўтаматычнай раздачы гатовай масы з «KOBLiKa» паступова змаўкае “рыканне”. Задаволенныя жывёлы атрымалі жаданае і пачынаюць спакойна прымаць ежу. А наш суразмоўца накіроўваецца далей, у суседні хлёў. Яго чакаюць іншыя жывёлы, іншыя кармушкі і патрэбы.

Кожны дзень Генадзія Рута – гэта шэраг такіх маленькіх, але важных місій.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о