У межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу” з 1 жніўня ў краіне стартавала традыцыйная выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да новага навучальнага года.
Наведваючы аграгагарадок Грабаў карэспандэнтам “ПН” выпала магчымасць пазнаёміцца з сям’ёй Людмілы і Сяргея Вінікаў. Муж з жонкай выхоўваюць сямёра дзяцей. Крысціна, Кірыл, Дамініка, Леанід, Амілія-Ніколь, Міраслава і Адэліна – галоўны сэнс жыцця маладых бацькоў. Мы не ўпусцілі моманту пацікавіцца ў Людмілы Уладзіславаўны: ці скарысталася сям’я дзяржаўнай падтрымкай.
На Петрыкаўшчыне матэрыяльную дапамогу да навучальнага года атрымаюць 453 шматдзетныя сям’і, у якіх выхоўваецца 1523 дзіцяці. На рэалізацыю сацыяльнай ініцыятывы з бюджэту выдзелена 162 529 рублёў. Памер выплаты складае 159,11 рублёў на кожнага школьніка.
– Калі мы з мужам планавалі вялікую сям’ю, то разумелі, што гэта і вялікая адказнасць. Мы робім усё магчымае, каб у нашых дзяцей былі неабходныя рэчы для развіцця і вучобы. Наша пазіцыя простая: бацькі нараджаюць дзяцей для сябе, таму і павінны браць на сябе поўную адказнасць за іх дабрабыт, адукацыю і выхаванне, – дзеліцца жанчына. – Вядома, мы плануем свой бюджэт загадзя і практычна ўсё неабходнае да школы закупілі. Я знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку, муж працуе рабочым па абслугоўванні ў Камаровіцкай сярэдняй школе. Скарысталіся мы і дзяржаўнай падтрымкай – атрыманыя больш за 630 рублёў пайшлі на набыццё неабходнага для навучальнага працэсу чатыром нашым школьнікам.
Суразмоўца не хавае: своечасовай. Зборы ў школу патрабуюць шмат сіл і сродкаў. Бацькам прыемна адчуваць, што дзяржава працягвае руку дапамогі ў важныя моманты.
Падрыхтоўка да школы – гэта не толькі пакупкі, гэта яшчэ і настрой. Калі бацькі ўпэўнены ў сваіх сілах, а дзяржава падтрымлівае іх, дзеці ідуць у клас з усмешкай і жаданнем вучыцца. А гэта і ёсць галоўная мэта любой сацыяльнай палітыкі.
Оставить комментарий