Сакавік – гэта час, калі прырода пачынае свой вялікі, зачаравальны танец адраджэння. Сонца яшчэ нясмелае, але ўжо грэючае прабіваецца скрозь шэрыя хмары. Снег пачынае раставаць, ператвараючыся ў звонкія ручаінкі.
З-пад зямлі, нібы з таемных сховішчаў, прабіваюцца першыя веснікі вясны: далікатныя пралескі, крохкія крокусы, а затым і ганарлівыя нарцысы. Паступова сакавік набірае сілу, яго дыханне становіцца цяплейшым, а фарбы – ярчэйшымі. Дрэвы, якія ўсю зіму стаялі голымі, пачынаюць набракаць пупышкамі, рыхтуючыся да выбуху зеляніны, які адбудзецца крыху пазней.
Цішыня зімовага лесу змяняецца звонкім шчабятаннем птушак. Можна пачуць журчанне ручаёў, якія набіраюць сілу, і лёгкі шолах ветру, які ўжо не такі пранізлівы і халодны, як зімой.
Сакавіцкае неба – гэта асобная паэма, напісаная самой прыродай. Яно можа быць зменлівым, як настрой закаханага.
Для мяне першы вясновы месяц – гэта, перш за ўсё, гук капяжу. Гэта меладычны перазвон, які даносіцца з дахаў. З гэтым месяцам звязана і доўгачаканае вяртанне птушак. Спачатку нясмелыя, а потым усё больш упэўненыя трэлі напаўняюць паветра.
Але сакавік – гэта не толькі абу-джэнне прыроды. Гэта і абуджэнне нас саміх. Ён дорыць адчуванне лёгкасці і свабоды, нібы скідаючы з нас груз зімовай стомленасці і апатыі.
Час хуткаплынны. Вось ужо і сакавік праляцеў непрыкметна. Але яго першыя, нясмелыя, але такія жаданыя крокі насустрач вясне назаўсёды застануцца ў памяці. Ён – сімвал абнаўлення, надзеі і бясконцай прыгажосці свету. І кожны раз, калі я чую капяжы і бачу першыя праталіны, я разумею: сакавік – гэта не проста месяц, гэта цэлая філасофія жыцця, якая заклікае нас радавацца кожнаму імгненню і верыць у лепшае.
Сакавік – сапраўдны гімн вясне, таму што ён увасабляе ў сабе ўсе яе галоўныя рысы: пяшчоту, сілу, прыгажосць і нястрымнае імкненне да жыцця. І мы, затаіўшы дыханне, слухаем гэты цудоўны гімн, прадчуваючы поўную ўрачыстасць вясны.
Першы высновы месяц сыходзіць, але пакідае пасля сябе не толькі абуджаную прыроду, але і абуджаныя надзеі, мары, веру ў тое, што самае цудоўнае яшчэ наперадзе. І гэтая вера, як першая пралеска, прабіваецца скрозь рэшткі зімы, каб расквітнець ва ўсёй сваёй красе.

Святлана ТАРАСЕВІЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о