У Петрыкаўскім раёне працягваецца рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”, мэтай якой з’яўляецца заахвочванне лепшых работнікаў малочнатаварных ферм і комплексаў у зімова-стойлавы перыяд.
На мінулым тыдні старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі працаўнікоў АПК Алена Галеня наведала МТФ “Рог” ААТ “Пціч-Агра”.
За шматгадовую добрасумленную працу, высокія паказчыкі, прафесіяналізм і адказныя адносіны да справы памятнымі падарункамі была адзначана сямейная пара жывёлаводаў: Ірына Герасіменка і Аляксандр Якавец. Як адзначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Алег Козінец, ушанаваныя жывёлаводы – людзі, бязмежна адданыя сваёй справе: яны не першы год працуюць у гаспадарцы і стабільна дэманструюць годныя вынікі, з’яўляючыся прыкладам прафесіяналізму для калег.
У час ушанавання Алена Фёдараўна падкрэсліла, што праца жывёлаводаў – адзін з самых няпростых у сельскай гаспадарцы ўчасткаў. Яна патрабуе не толькі фізічных сіл, але і шчырай любові да сваёй справы. Ва ўсе часы менавіта на адказных работніках трымаецца поспех гаспадаркі.
– Акцыя “Наш жывёлавод” – гэта не проста ўручэнне падарункаў, а ў першую чаргу магчымасць выказаць шчырую падзяку людзям, чый працоўны дзень пачынаецца досвіткам, – адзначыла Алена Галеня. – Мы бачым іх самааддачу, і наша задача – падтрымаць і пераканацца, што для іх працы створаны годныя і бяспечныя ўмовы.
Ушанаваныя ж пра свае поспехі гаварылі сціпла. Так, Аляксандр Васільевіч адзначыў, што сакрэт поспеху ў тым, каб проста любіць тое, што робіш. А яшчэ – у дружным сямейным тандэме. Да сялянскай прыцы мы прывучаны з дзяцінства, добра ведаем яе і не цураемся.
– У сельскай гаспадарцы выпадковыя людзі не затрымліваюцца. Жывёлы адчуваюць наш клопат і ласку, на гэта яны адказваюць добрымі прывагамі, – падзялілася Ірына Герасіменка. – Прыемна, калі нашу працу заўважаюць і шануюць – гэта дае стымул працаваць яшчэ лепш.
Асаблівая ўвага ў час наведвання МТФ “Рог” была нададзена стварэнню належных бытавых умоў на рабочых месцах. Абмеркавалі з калектывам пытанні аховы працы і забеспячэння спецадзеннем.
Акцыя “Наш жывёлавод” працягнецца ў раёне да канца сакавіка. Прафсаюзныя лідары плануюць наведаць усе сельгаспрадпрыемствы Петрыкаўшчыны, каб сказаць заслужаны “дзякуй” тым, хто забяспечвае харчовую бяспеку краіны.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.






Оставить комментарий