Глыбокі погляд на адраджэнне

0
428

На базе кінатэатра “Беларусь” горада Петрыкава прайшоў абласны семінар “Удасканаленне рэпертуарнага планавання кінатэатраў”. У час мерапрыемства адбылася прэм’ера фільма “Чарнобыль. Жывая зямля”.

Семінар сабраў прадстаўнікоў кінаіндустрыі з усіх абласцей краіны, уключаючы дырэктараў кінатэатраў, праграмістаў, маркетолагаў і спецыялістаў па кінапрадукцыі.

Сустрэча была арганізавана з мэтай абмену вопытам, вывучэння найноўшых тэндэнцый у сферы кінапракату і распрацоўкі эфектыўных стратэгій для прыцягнення гледача ў кінатэатры. З прывітальным словам і прэзентацыяй Петрыкаўскага раёна выступіла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Ходзька. Наталля Мікалаеўна пазнаёміла прысутных з асаблівасцямі Петрыкаўшчыны, падкрэсліўшы ўнікальнасць і патэнцыял раёна. Гасцям былі прадстаўлены памятныя і знакавыя аб’екты раёна, якія маюць гістарычную, культурную і прыродную каштоўнасць.

Падчас семінара ўдзельнікі абмеркоўвалі новыя стратэгіі і шляхі для далейшага развіцця.

Асаблівае месца ў праграме заняла прэм’ера фільма “Чарнобыль. Жывая зямля”.
Гэтая карціна прымеркавана да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Прыемна адзначыць, што прэм’ера прайшла з удзелам рэжысёра фільма Марыны Данекінай. Сустрэча з рэжысёрам стала сапраўдным падарункам для жыхароў Петрыкаўшчыны.

У адрозненне ад традыцыйных хронік, карціна факусуецца не толькі на падзеях 1986 года, але і на працэсе адраджэння жыцця на пацярпелых тэрыторыях праз прызму часу. Дакументальны фільм уяўляе ўнікальны погляд вачамі тых, хто быў у эпіцэнтры падзей: ліквідатараў, навукоўцаў, мясцовых жыхароў і відавочцаў. Сведчанні, пераплеценыя з навуковымі дадзенымі і назіраннямі за прыродай, раскрываюць неверагодную здольнасць зямлі да ацалення і адаптацыі. Менавіта гэтыя тры сілы – чалавек, навука і зямля – сталі галоўнымі героямі новай дакументальнай кінастужкі. На працягу 39 хвілін кінастужка распавядала пра гісторыю ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пераадоленне наступстваў аварыі і адраджэнне паўнацэннага жыцця ў пацярпелых рэгіёнах Беларусі.

Пасля прагляду фільма, які пакінуў глыбокі след у сэрцах гледачоў, Марына Данекіна падзялілася сваімі думкамі, расказала пра ідэі, якія ляглі ў аснову стужкі, і пра складанасці здымачнага працэсу.

– Ідэя стварэння фільма “Чарнобыль. Жывая зямля” нарадзілася з жадання паказаць не толькі падзеі таго часу, але і тое, як жыццё працягваецца, як прырода знаходзіць шляхі да аднаўлення. Мы хацелі падкрэсліць узаемасувязь чалавека, навукі і самой зямлі. Расказаць пра людзей, якія змагаліся з наступствамі аварыі, і неверагодную сілу жыцця, якая адраджаецца нават у самых складаных умовах, – адзначыла рэжысёр фільма.

Пасля цікавай і змястоўнай размовы адбылася афтограф-сесія, падчас якой кожны жадаючы мог атрымаць жаданы подпіс ад рэжысёра і асабіста выказаць сваю падзяку за такую важную і кранальную працу.

Фільм “Чарнобыль. Жывая зямля” – гэта не толькі напамін пра мінулае, але і сведчанне моцнай сілы беларусаў, згуртаванасці, жыцця і надзеі на будучыню.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Глыбокі погляд на адраджэнне

Глыбокі погляд на адраджэнне Глыбокі погляд на адраджэнне Глыбокі погляд на адраджэнне Глыбокі погляд на адраджэнне Глыбокі погляд на адраджэнне Глыбокі погляд на адраджэнне Глыбокі погляд на адраджэнне Глыбокі погляд на адраджэнне Глыбокі погляд на адраджэнне

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о