З 1 сакавіка бягучага года ў кожным раёне Беларусі з’явяцца групы для дзяцей да двух гадоў.

У нашай краіне высокая даступнасць дашкольнай адукацыі: у 2025 годзе 90,1 працэнта дзяцей ад 1 года да 6 гадоў былі ахоплены адукацыйнымі паслугамі. Але ўжо ў бліжэйшы час ахоп будзе пашыраны: згодна рэалізацыі Дзяржаўных праграм “Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу” на 2026-2030 гады, “Беларусь інтэлектуальная” на 2026-2030 гады з 1 сакавіка ў кожным раёне краіны пачнуць функцыянаваць групы для дзяцей да двух гадоў.
У сувязі з важным змяненнем у сістэме дашкольнай адукацыі, дзіцячыя садкі актыўна рыхтуюцца да прыёму самых маленькіх выхаванцаў. Не выключэннем стала і ДУА «Дзіцячы сад № 7 г. Петрыкава», на базе якой прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй. Галоўнай мэтай мерапрыемства стала знаёмства бацькоў, чые дзеці яшчэ не дасягнулі двухгадовага ўзросту, з новымі магчымасцямі, якія адкрываюцца для іх сем’яў.
Перад прысутнымі выступіла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Нікешына.
– Раней сістэма дашкольнай адукацыі ў большай ступені была арыентавана на прадастаўленне месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі для дзяцей ад 2 гадоў, бо адпачынак па доглядзе за дзіцям прадастаўляецца да 3 гадоў, – адзначыла Алена Мікалаеўна.
– З гэтага года заканадаўства ўжо прадугледжвае магчымасць адкрыцця ў дзіцячых садках груп першага ранняга ўзросту – да года, другога ранняга ўзросту – ад 1 года да 2, рознаўзроставых груп – ад 1 года да 7 гадоў. Рашэнне абумоўлена ростам попыту з боку сем’яў: усё больш бацькоў плануюць раней выходзіць на працу. У дадатак гэтыя змены забяспечаць дзецям якасную адукацыю і развіццё з самых ранніх гадоў.
Спецыялістам было пазначана: у дзіцячых садах Петрыкаўшчыны і раней была магчымасць прымаць дзяцей да двух гадоў у рознаўзрастовыя групы. На базе ж дзіцячага сада №7 г. Петрыкава з 2025 года для дзяўчынак і хлопчыкаў функцыянуе група толькі ва ўзросце ад 1 года да 2-ух.
Экскурсія па ўстанове, адкрыты дыялог з кіраўніцтвам установы, творчыя выступленні выхаванцаў – дазволілі ў поўнай меры раскрыць шматгранныя магчымасці дзіцячага сада № 7.
Загадчык установы Галіна Каса пазнаёміла бацькоў з матэрыяльнай базай, асаблівая ўвага была нададзена адукацыйным прасторам, дзе дзеці могуць развіваць свае здольнасці праз гульні і заняткі.
Бацькі даведаліся пра інавацыйныя методыкі, якія выкарыстоўваюцца педагогамі, пра індывідуальны падыход да кожнага выхаванца, пра тое, як ствараецца спрыяльнае асяроддзе для фарміравання асобасных якасцей і творчага патэнцыялу.

Пры ўзнікненні пытанняў ці неабходнасці атрымання прафесійнай парады па агучаннай тэме можна звярнуцца па нумарах тэлефонаў: 2-12-86 – ДУА “Дзіцячы сад № 7 г. Петрыкава”; 2-70-62 – ДУА «Петрыкаўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет».

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о