З прыходам другога месяца восені ў нашай краіне традыцыйна ўступае ў сілу шэраг заканадаўчых змен і практычных новаўвядзенняў. Сёлета кастрычнік прынясе карэктывы ў самыя розныя сферы паўсядзённага жыцця: ад лічбавізацыі бытавых паслуг і новых правіл праверкі білетаў у транспарце, да абмежаванняў для аматараў рыбалкі і змяненняў у банкаўскіх дадатках. Разбіраемся, да чаго варта падрыхтавацца жыхарам раёна ўжо з 1 кастрычніка.
Дровы – у некалькі клікаў Жыхарам сельскай мясцовасці і прыватнага сектара больш не абавязкова ехаць у лясніцтва, каб выпісаць паліва на зіму. З 1 кастрычніка падаць заяўку на куплю дроў можна будзе праз інтэрнэт на афіцыйным сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. Гэта значна спросціць працэдуру: анлайн-сістэма будзе аўтаматычна весці ўлік заявак (у тым ліку кантраляваць тэрміны іх выканання), што зробіць працэс забеспячэння насельніцтва палівам больш празрыстым і хуткім.
“Тэрмін прыдатнасці” электроннай чаргі на мяжы Для тых, хто плануе замежныя паездкі на аўтамабілі, уводзіцца важнае правіла. Цяпер у рэгістрацыі ў электроннай чарзе для перасячэння мяжы з’явіцца тэрмін дзеяння – 30 каляндарных дзён з моманту аплаты. За гэты час вадзіцель мусіць альбо заехаць на машыне ў зону чакання, альбо завяршыць анлайн-рэгістрацыю ў асабістым кабінеце, альбо падаць заяву ў “Белтаможсэрвіс» на вяртанне грошай. «Забраніраваць і забыць» на некалькі месяцаў наперад больш не атрымаецца.
Банкаўскі дадатак – толькі для сваіх карт Найбуйнейшы банк краіны, “Беларусбанк”, змяняе правілы бяспекі ў сваім мабільным дадатку. З 1 кастрычніка знікае магчымасць дадаваць у адзін уліковы запіс карткі, якія належаць розным людзям. Калі ў вашым дадатку былі прывязаны, напрыклад, карткі мужа, жонкі ці бацькоў, іх трэба выдаліць. У адваротным выпадку сістэма можа абмежаваць доступ да ўсіх сэрвісаў. Каб карыстацца сумесным рахункам, у банку рэкамендуюць аформіць дадатковую карту на сваё імя. Таксама па шэрагу папулярных карт уводзіцца плата за пакеты паслуг “Поўны” і “Базавы”.
Новы цэнавы ліміт на лекі Міністэрства аховы здароўя краіны пастановай № 101 скарэктавала ліміты максімальных адпускных цэн на некаторыя медыкаменты айчыннай вытворчасці. Гэта зроблена для абароны рынку ад рэзкага падаражання. На абсалютную большасць прэпаратаў цэны застануцца ранейшымі, аднак асобныя пазіцыі (некаторыя растворы, супрацьінфекцыйныя і заспакаяльныя сродкі) нязначна вырастуць у цане – у сярэднім на некалькі дзясяткаў капеек.
Усміхніцеся, вас здымае кантралёр Гэта новаўвядзенне пачне дзейнічаць крыху пазней – з 5 кастрычніка. Работнікі кантрольна-рэвізорскіх службаў у грамадскім транспарце зараз абавязаны весці бесперапынны відэа- і аўдыёзапіс падчас праверкі білетаў. Пасажыраў будуць папярэджваць пра гэта: на форме кантралёра з’явіцца адпаведны інфармацыйны знак. Выкарыстоўваць гэтыя запісы ў асабістых мэтах або выкладваць у інтэрнэт строга забаронена, аднак у выпадку спрэчных сітуацый відэа стане галоўным доказам.
Рыбакам: зімавальныя ямы пад забаронай З 1 кастрычніка па 15 красавіка ў Беларусі ўводзіцца забарона на лоўлю ўсіх відаў рыбы на зімавальных ямах. У халодны перыяд рыба становіцца маларухомай і збіраецца ў канкрэтных месцах, што робіць яе лёгкай здабычай. Спіс і каардынаты такіх месцаў зацверджаны Мінсельгасхарчам і НАН Беларусі. За парушэнне правілаў пагражае сур’ёзны штраф – ад 10 до 30 базавых велічынь, а за кожную незаконна вылаўленую рыбіну прыйдзецца пакрыць шкоду прыродзе ў трайным памеры.
Падаткаплацельшчыкам: строгі кантроль за ЭЛП Змяняецца парадак прыёму электронных дэкларацый падатковымі інспекцыямі. Цяпер падаткавікі адмовяць у прыёме дакументаў, калі яны падпісаны асобай, якая не мае афіцыйна пацверджаных паўнамоцтваў прадстаўляць інтарэсы плацельшчыка. Таксама дэкларацыю не прымуць, калі будзе выяўлена парушэнне тайны асабістага ключа электроннага лічбавага подпісу.
Оставить комментарий