Кожны год у трэцюю нядзелю лістапада мы адзначаем Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з Наталляй Сахоўскай, аператарам па штучным асемяненні ААТ “Навасёлкі”.

Тэхнік-асеменатар – адна з найважнейшых прафесій у жывёлагадоўлі. Менавіта ад гэтых спецыялістаў залежыць і прыплод маладняку буйной рагатай жывёлы, і будучыня статку, і ўзровень сутачных прываг. Гэта праца, якая патрабуе не толькі ведаў, але і асаблівай чуласці да жывёл.
Наталля Іванаўна родам з вёскі Фаставічы, з сям’і , дзе любоў да роднай зямлі і працы перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Гераіня аповеду працуе тэхнікам-асеменатарам на МТК “Боркі”. Пад яе пільным наглядам знаходзяцца 658 кароў і цёлак.
Штодня Наталлі Іванаўне трэба па тры-чатыры разы выяўляць па агульных прыкметах кароў, якія прыйшлі ў ахоту, для іх далейшага асемянення. Яе праца спрыяе павышэнню эфектыўнасці асемянення і найлепшым чынам адбіваецца на атрыманні прыросту прыплоду і аб’ёмаў вытворчасці малака.


У абавязкі тэхніка-асеменатара ўваходзіць не толькі своечасовае выяўленне ахоты ў кароў, але і вядзенне ўліку неабходнай справаздачнасці. У жанчыны праца ніколі не назапашваецца, бо яна планамерна кожны дзень выконвае пастаўленыя задачы. Рабочае месца спецыяліст тры-мае ў чысціні: рыхтуе фізіялагічныя растворы, медыкаменты, дэзінфікуе і стэрылізуе інстру-менты, посуд, праводзіць санітарную апрацоўку жывёлы, адбірае кароў для асемянення, праводзіць даследаванні. І гэта далёка не поўны спіс штодзённых яе клопатаў.
– Зімой, калі пагалоўе знахо-дзіцца на стойлавым утрыманні, працаваць прасцей, – дзеліцца тэхнік-асемеатар. – Падчас ахоты ў жывёлы павышаецца актыўнасць, зніжаецца апетыт, а калі яна стане нерухомай – гэта самы спрыяльны час для асемянення. Яго прапусціць ніяк нельга. Каровы – жывёлы вельмі пяшчотныя і чулыя. Каля іх нельга крычаць, рабіць рэзкіх рухаў. Калі парушаць гэтыя правілы, то аддачы ад іх ніякай не будзе.
Гераіня артыкула паводзіны буйной рагатай жывёлы ведае з дзяцінства. Яна, яшчэ зусім дзяўчынкай, дапамагала на ферме сваёй маці – перадавой даярцы, і бацьку, які працаваў механізатарам у гэтай жа гаспадарцы. Наталля Іванаўна – сапраўдная гераіня не толькі на працы, але і дома. Яна шчаслівая матуля дзвюх дачок і клапатлівая бабуля.
Гераіня аповеду лічыць:
– Праца ў сельскай гаспадарцы не такая ўжо і цяжкая, у параўнанні з тым, у якіх умовах працавалі мае бацькі. Хто хоча, той будзе працаваць, нягледзячы на цяжкасці, таму што ў іншай прафесіі ты сябе ўжо проста не ўяўляеш.
У скарбонцы ўзнагарод жанчыны – шматлікія граматы, падзякі. І 2026 год – не выключэнне. Сёлета на ўрачыстым мерапрыемстве Наталля Іванаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Петрыкаўскага раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК за шматгадовую і добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай галіне.
Мы ад усёй душы віншуем Наталлю Іванаўну і ўсіх работнікаў сельскай гаспадаркі з прафесійным святам! Нізкі вам паклон за вашу нялёгкую, але такую патрэбную працу, за цярпенне і любоў да роднай зямлі.


Марыя ТАМКО, фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные