Сёння ў багатую гісторыю Петрыкава ўпісана яшчэ адна знамянальная старонка. У райцэнтры пачаў працаваць сучасны высокатэхналагічны комплекс – аўтаматычная метэаралагічная станцыя, створаная ТАА “ІТС-Бел”.

Гэта падзея, без перабольшвання, стала важным крокам у рэалізацыі дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы па пашырэнні сеткі метэаназіранняў.

Адкрыццё любога новага аб’екта на Петрыкаўшчыне – яркае сведчанне паступальнага і ўпэўненага развіцця тэрыторый. Галоўная мэта мадэрнізацыі – удасканаленне дакладнасці лакальных прагнозаў, аператыўнасць папярэджання аб небяспечных прыродных з’явах і забеспячэнне надзейнымі аналітычнымі дадзенымі ключавых галін народнай гаспадаркі і эканомікі нашага раёна.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прысутнічала кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі падрадных арганізацый, працоўныя калектывы і жыхары Петрыкава.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Дзягцяр:
– Адкрыццё аўтаматычнай метэастанцыі – гэта інвестыцыя ў бяспеку і дабрабыт нашых грамадзян. Своечасовы і дакладны прагноз надвор’я сёння з’яўляецца стратэгічным рэсурсам для аграрыяў, камунальных службаў і выратавальнікаў. Мы ганарымся, што на петрыкаўскай зямлі ўкараняюцца такія перадавыя айчынныя тэхналогіі, якія дапамогуць нам працаваць на апярэджанне, забяспечваючы стабільнасць усіх галін эканомікі.

Да віншаванняў далучыўся начальнік філіяла Гомельскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя Ігар Грышчанка:
– Метэастанцыя ў Петрыкаве абсталявана па апошнім слове тэхнікі дзякуючы працы беларускіх канструктараў. Яна функцыянуе у аўтаматычным рэжыме і здольная ў рэжыме рэальнага часу фіксаваць дзясяткі параметраў. Гэтыя дадзеныя будуць імгненна паступаць у агульную рэспубліканскую сістэму, што дазволіць падняць якасць лакальных прагнозаў на прынцыпова новы ўзровень.

Адметным і хвалюючым момантам кароткага, але вельмі змястоўнага мерапрыемства стала перадача сімвалічнага ключа ад новага аб’екта. Намеснік начальніка філіяла Гомельскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя Андрэй Штырхуноў урачыста перадаў ключ начальніку філіяла Ігару Грышчанку.

Пасля гэтага наступіла кульмінацыя свята. Аляксандр Фёдаравічі Ігар Іванавіч перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку, афіцыйна адкрыўшы новую метэаралагічную станцыю.
Рэалізацыя гэтай ініцыятывы яшчэ раз даказала: клопат пра бяспеку і стваральную працу застаецца галоўным прыярытэтам дзяржавы. Няхай над нашай роднай Петрыкаўшчынай заўсёды будзе чыстае мірнае неба, а кожны новы дзень жыцця будзе напоўнены радасцю, стварэннем і душэўным цяплом!
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.




