Сёння – Дзень страхавога работніка, свята тых, хто клапоціцца пра наш спакой і бяспеку, дапамагае абараніць сябе і сваю маёмасць ад непрадбачаных жыццёвых сітуацый.

Застрахаваны – значыць абаронены

Напярэдадні падзеі мы наведалі прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Петрыкаўскім раёне, каб пагутарыць з вядучым спецыялістам па маёмасным страхаванні Ірынай Жукавец.
Прафесію, звязаную са страхавой справай, Ірына Фёдараўна выбрала яшчэ ў юнацтве. Пасля заканчэння другой гарадской школы паступіла ў 152-е Гомельскае вучылішча, каб атрымаць спецыяльнасць страхавога агента. Першыя крокі ў прафесіі малады спецыяліст зрабіла ў сваім родным Петрыкаве.
Аднак, як гэта часта бывае, чалавеку хочацца паспрабаваць свае сілы і ў іншых напрамках.
– У пэўны момант я адчула жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю, звязаную з лясной галіной. Паступіла ў Гомельскі ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, дзе атрымала дыплом інжынера лясной гаспадаркі. Але жыццёвыя абставіны склаліся так, што ў 2018 годзе вярнулася да сваёй першай, па дыплому, прафесіі, – дзеліцца гераіня.
Такое рашэнне аказалася не толькі правільным, але і прывяло да кар’ернага росту. Першапачаткова Ірына Фёдараўна прыйшла на пасаду агента страхавога на кропцы продажу. Жанчына прызнаецца: гэта быў важны этап, які дазволіў навучыцца камунікаваць з кліентамі, разумець іх патрэбы і прапаноўваць адпаведныя рашэнні. Набыты вопыт і ўпэўненасць у сваіх сілах дазволілі ёй перайсці на новую пасаду – спецыяліста. На гэтым этапе адказнасць Ірыны Фёдараўны павялічылася, а разам з ёй і магчымасці для прафесійнага развіцця. Дзякуючы сваёй стараннасці, прафесіяналізму і ўменню прымяняць набыты вопыт, тры гады таму яна заняла пасаду вядучага спецыяліста па маёмасных выплатах.

За 10 месяцаў бягучага года па маёмасных спрэчках прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Петрыкаўскім раёне прыняло 494 заявы ад страхавальнікаў.
Выплачана страхавое пакрыццё на суму больш за 305 тысяч беларускіх рублёў.

Гэта адзін з найбольш адказных напрамкаў у страхавой справе, які патрабуе глыбокіх ведаў, уважлівасці да дэталяў і ўмення. Маёмаснае страхаванне дазваляе абараніць ад страт, звязаных з пажарамі, крадзяжом, паводкамі, стыхійнымі бедствамі.

“Маёмаснае страхаванне – гэта неабходны інструмент для забеспячэння фінансавай стабільнасці і спакою. Уявіце сабе, што ваш дом, які вы будавалі гадамі, пашкоджаны. Без страхавання аднаўленне можа стаць непад’ёмнай фінансавай нагрузкай. Страхавы поліс дазволіць вам хутка аднавіць страчанае і вярнуцца да звычайнага жыцця”.

У рытме, калі кожны дзень ставіць перад намі новыя задачы, асаблівую каштоўнасць набывае атмасфера падтрымкі і ўзаемаразумення ў працоўным калектыве. Са слоў суразмоўцы, менавіта такім з’яўляецца прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Петрыкаўскім раёне.
– Працаваць з калегамі – сапраўдная радасць. Мы заўсёды гатовыя прыйсці адзін аднаму на дапамогу, падзяліцца вопытам і ведамі. Гэта асабліва важна ў нашай сферы, дзе кожны дзень трэба прымаць важныя рашэнні і аказваць кваліфікаваную дапамогу нашым кліентам. Яшчэ хацелася б адначыць, што разам мы не толькі дасягаем прафесійных вышынь, але і ўдзельнічаем у розных акцыях, фестывалях, спаборніцтвах, – адзначыла галоўны спецыяліст.
Напярэдадні прафесійнага свята і 104-й гадавіны ўтварэння Белдзяржстраху, Ірына Жукавец, прадстаўляла свой калектыў на ўрачыстым сходзе ў Светлагорску. Зямлячцы была ўручана Падзяка за значны ўклад у развіццё страхавой і іншай дзейнасці, за актыўную грамадскую работу.
Мы шчыра віншуем Ірыну Жукавец з узнагародай, а увесь калектыў прадстаўніцтва Бел-дзяржстраху па Петрыкаўскім раёне са святам! Жадаем далейшых поспехаў у прафесійнай дзейнасці, моцнага здароўя, натхнення і новых дасягненняў на карысць Белдзяржстраху і жыхароў Петрыкаўшчыны!

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о