Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка мы сустрэліся з чалавекам, для якога прафесія вадзіцеля – гэта не проста праца, а сапраўдная мара дзяцінства, якая ўвасобілася ў рэальнасць. Анатолій Сахарчук аддаў любімай справе 40 гадоў працоўнага жыцця, і больш за 10 з іх з’яўляецца супрацоўнікам вытворчага ўчастка “Петрыкаў” філіала №13 ААТ “Гомельаблаўтатранс”.
– Я родам з вёскі Сом, Лельчыцкага раёна, – дзеліцца ўспамінамі суразмоўца. – Каб дабрацца да Лельчыц ці Мазыра, трэба было ісці пешшу да пяці кіламетраў. І вось ідзеш маленькім па дарозе і марыш: як было б добра падвозіць аднавяскоўцаў, дапамагаць ім хутчэй дабрацца да месца прызначэння. У тыя далёкія часы я і вырашыў, што буду вадзіцелем аўтобуса.
Прафесійны шлях Анатолія Сахарчука склаўся менавіта так, як ён і планаваў. Пасля школы атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, потым служба ў арміі ў горадзе Міргарад, дзе герой быў вадзіцелем у войсках сувязі. Падчас службы бацькі пераехалі ў Петрыкаў, куды пасля дэмабілізацыі прыехаў і сам Анатолій. У 1986 годзе герой аповеду прыйшоў працаваць у Петрыкаўскі аўтапарк №12 вадзіцелем аўтобуса. Свой першы аўтобус – “ПАЗ-672” – вадзіцель памятае да дробязяў, нібы гэта было ўчора.
У працоўнай біяграфіі ёсць прамежак часу, калі вадзіцель спрабаваў сябе ў якасці дальнабойшчыка. Аднак, як прызнаецца сам Анатолій Пятровіч, вельмі цягнула на былую працу, на аўтобус.
– Гэта зусім іншая атмасфера. Шчыра кажучы, сумаваў і па калектыве, і па людзях. Таму вярнуўся на ранейшае месца працы.
Па словах вадзіцеля, работа на аўтобусе яму значна бліжэйшая. Тут ёсць магчымасць узаемадзейнічаць з людзьмі, што прыносіць яму задавальненне. Нягледзячы на руціну, праца вадзіцеля аўтобуса патрабуе пастаяннай канцэнтрацыі, адказнасці і ўмення хутка прымаць рашэнні. Бяспека пасажыраў – гэта галоўны прыярытэт, і Анатолій Пятровіч падыходзіць да гэтага з максімальнай сур’ёзнасцю.
Сёння герой артыкула – вопытны вадзіцель, які ўпэўнена кіруе аўтобусам на гарадскіх і заказных маршрутах. Ён возіць экскурсіі, выконвае міжгароднія і гарадскія рэйсы. Летам геаграфія паездак асабліва шырокая: Карэлія, Санкт-Пецярбург, Грузія, Дагестан. Толькі за 2026 год вадзіцель здзейсніў 7 рэйсаў у Грузію, працягласцю ў 50 тысяч кіламетраў! Зімой вадзіцель возіць дзяцей на экскурсіі і аздараўленне ў санаторыі ў розныя кропкі краіны.
– Далёкія рэйсы – для меня не складана, дарогу я люблю, – усміхаецца Анатолій Пятровіч і дадае: – Старасць мяне дома не застане, я заўсёды ў дарозе.
Дома героя заўсёды чакае любячая жонка Ірына Міхайлаўна. Дачка Яраслава і ўнукі Савелій і Аліса жывуць у Гомелі, але часта прыязджаюць у госці. У вольны час муж з жонкай любяць выйсці на прыроду, займаюцца “ціхім паляваннем”, і проста гуляюць на свежым паветры.
Напярэдадні прафесійнага свята Анатолій Пятровіч жадае сваім калегам, здароўя, лёгкіх дарог, сямейнага дабрабыту.
– І галоўнае – не забываць, што нас заўсёды чакаюць дома!
Марыя Тамко, фота аўтара.





