Галоўная сельскагаспадарчая кампанія года ў нашым раёне афіцыйна стартавала. Механізатары адкрытага акцыянернага таварыства “Чалюшчавічы” першымі на Петрыкаўшчыне вывелі ўборачныя агрэгаты на палеткі. Сёлета адказнасць на аграрыях асаблівая, бо менавіта яны задаюць тэмп і настрой усёй раённай уборачнай кампаніі.

На прасторах урочышча “Аэрадром”, дзе разгарнулася першая працоўная вахта, ход уборкі азімага ячменю інспектаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўгеній Шкробат. На плошчы 58 гектараў ішла напружаная і зладжаная праца. Кіраўнік раёна асабіста ацаніў гатоўнасць тэхнікі, пагутарыў з аграрыямі і падкрэсліў стратэгічную важнасць моманту: “Жніво – гэта заўсёды строгі экзамен для ўсяго аграпрамысловага комплексу, дзе права на памылку няма. Сёння на першы план выходзяць тры фундаментальныя фактары: жалезная вытворчая дысцыпліна, максімальная якасць уборкі і бяспека працы людзей. Кожнае страчанае зярнятка – гэта страта для эканомікі гаспадаркі і раёна ў цэлым. Дзяржава стварыла ўсе неабходныя ўмовы, забяспечыла тэхнікай і палівам. Цяпер поспех справы залежыць ад адказнасці кожнага экіпажа і спецыяліста на месцы. Мы павінны спрацаваць хутка, якасна і без страт”, – зазначыў старшыня райвыканкама.

Залаты акорд жніва
Каб каравай быў важкім, на палеткі ААТ “Чалюшчавічы” выйшлі лепшыя сілы. Нашы чытачы выдатна ведаюць гэтыя імёны, бо яны неаднаразова станавіліся героямі газетных публікацый. На ўборцы задзейнічаны сапраўдныя майстры сваёй справы – вопытныя камбайнеры Дзмітрый Качэля і Уладзімір Акульчык. Побач з імі ў адным шэрагу працуе Руслан Качэля. Руслан Сяргеевіч зараз з’яўляецца работнікам ААТ “Беларуськалій”, аднак кожны сезон ён па клічы сэрца згадвае сваё аграрнае мінулае і прыходзіць на дапамогу роднай гаспадарцы. Такая адданасць зямлі і свайму прадпрыемству заслугоўвае асаблівай павагі.
У часе кароткага прыпынку нам удалося пагутарыць з Уладзімірам Акульчыкам. Механізатар, уціраючы пот з ілба, адзначыў: “Надвор’е стаіць самае працоўнае, таму марудзіць нельга. Тэхніку да выезду рыхтавалі сумленна, кожны вузел праверылі. Каласок да каласка – ураджай у гэтым годзе неблагі, сэрца радуецца. Галоўнае зараз – каб машыны не падводзілі, а за намі, камбайнерамі, справа не стане. Будзем працаваць ад світання да змяркання, разумеем: хлеб на кон пастаўлены”.
Не менш важная роля ў гэтым працэсе адведзена і тым, хто забяспечвае бесперабойную дастаўку збожжа ад камбайнаў да сушыльных комплексаў. На адвозцы першага зерня новага ўраджаю надзейна і зладжана працуюць вадзіцелі Сяргей Мацэгуда і Андрэй Несцярчук. Ад іх аператыўнасці напрамую залежыць тэмп працы ўсяго ўборачнага канвеера.
Кіраўнік гаспадаркі Сяргей Ракіцкі прагнозы спецыялістаў акрэслівае з узважаным аптымізмам: віды на ўраджай складаюць каля 25–30 цэнтнераў з гектара. На тое, каб цалкам убраць урочышча “Аэрадром”, спатрэбіцца каля двух дзён. У цэлым жа агульная плошча азімага ячменю ў ААТ “Чалюшчавічы” складае 500 гектараў. Па словах кіраўніка, пры спрыяльных умовах надвор’я аграрыям спатрэбіцца 8-10 дзён, каб цалкам завяршыць жніво гэтай культуры і перайсці да наступных этапаў.
У добры час, паважаныя хлебаробы! Няхай надвор’е будзе спрыяльным, тэхніка працуе як гадзіннік, а кожны дзень прыносіць новыя годныя здабыткі на карысць роднай гаспадаркі і краіны.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о